Як Аўтуховіч рыхтаваў замах на Саўчанку: версія пракурора

|

Пацярпелы на суд не з’явіўся.

У.Саўчанка перадаў заяву з просьбай разглядаць справу ў яго адсутнасць, бо ў гэты час знаходзіцца на лячэнні.

Стала вядома, у чым дакладна абвінавачваюць Аўтуховіча і Асіпенку.

Першае абвінавачванне зводзіцца да таго, што ў верасні 2004-га Аўтуховіч разам з Аляксандрам Ларынам незаконна набылі агнястрэльную зброю — ручны карабін, з якога потым быў выраблены абрэз.

Пры ператрусе ў лютым мінулага года дома ў Аўтуховіча знайшлі пяць патронаў.

У верасні 2005 года Аўтуховіч, нібыта з пачуцця помсты, даў каманду Ларыну і Аўцюкевічу падпаліць дом начальніка Ваўкавыскага РУУС Кацубы.

А пазней тымі самымі людзьмі, з тых самых матываў, быў падпалены гараж падатковага інспектара Мандзіка.

Гаворыцца, што Аўтуховіч стварыў арганізаваную злачынную групу, дзейнасць якой каардынаваў. У склад групы ўваходзілі Ларын, Асіпенка і іншыя.

Гэтай групай быў набыты ручны гранатамёт РПГ-26, некалькі трацілавых шашак, а таксама электрадэтанатар.

Летам 2005 для захопу намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко Аўтуховіч набыў у Маскве два электрашокеры.

У ліпені Аўтуховіч, Ларын і Уланаў скрытна сачылі за перасоўваннем Камянко па горадзе. Але ніякіх дзеянняў зроблена не было.

У кастрычніку 2005 года Аўтуховіч, ужо знаходзячыся ў СІЗА, працягваў кіраваць арганізаванай групай. З турмы ён перадаў распараджэнне рыхтаваць замах супраць Саўчанкі.

Пры дапамозе Асіпенкі Ларын перавёз гранатамёт, а таксама выбухоўку ў Гродна.

Наблізіўся на 140 метраў да дома старшыні аблвыканкама.

Аднак давесці справу да канца Ларын не змог, бо пачалі з’ўляцца мінакі, якія сталі маглі стаць перашкодай у здзяйсненні злачынства.

Такая версія пракурора.

Паводле http://nn.by/

Фота з залы суда Юліі Дарашкевіч