“Палоніка” на мяжы закрыцця
“Палоніка” была аштрафаваная 8 лютага за правядзенне культурных мерапрыемстваў без дазволу і атрыманне такім чынам незаконнага прыбытку.
Акрамя таго, Таварыства мусіць вярнуць дзяржаве нібыта атрыманыя ў выніку гэтай дзейнасці 40,4 мільёна рублёў.
Аднак такіх грошай на рахунку арганізацыі няма.
Прэс-сакратар СПБ Ігар Банцар:
“Плаціць нам няма з чаго. Чакаем рашэння па другой нашай справе, але не спадзяемся, што яно будзе на нашу карысць”.
Рашэнне па “другой” справе, паводле якога “Палоніка” была аштрафавана на 72 мільёна рублёў і на 4,2 мільёна – асабіста спадарыня Борыс, цяпер абскарджваецца.
Увагу падаткавай інспекцыі тады прыцягнулі сродкі, атрыманыя “Палонікай” ад польскага аб’яднання Wspolnota Polska у межах двухбаковай дамовы.
Падаткавікі палічылі гэтыя грошы гуманітарнай дапамогай і суд з імі згадзіўся.
На фота: Узначальвае “Палоніку” старшыня непрызнаванага ўладамі СПБ Анжаліка Борыс