Суд не мае права і бліноў не прадае

Мая мэта – назіраць за справай спадарыні Элы Ласончык, якая паскардзілася на Гродзенскую «Спецаўтагаспадарку».

 

«Твой стыль» вельмі ўважліва адсочваў ход падзеі, але нагадаю: у лістападзе 2009-га году спадарыня Эла Ласончык звярнулася да «Спецаўтагаспадаркі» з просьбай даць ёй дадзеныя па колькасці бяздомных сабак і катоў, якіх адлоўлівае фірма.

 

Яна мела намер скарыстацца гэтай інфармацыяй, у тым ліку, каб звярнуць увагу на лёс бадзяжных жывёлаў. «Спецаўтагаспадарка» лічыць гэтыя дадзеныя камерцыйнай таямніцай і паставіла ўмову – атрыманую інфармацыю нельга распаўсюджваць. Істыцу ўмова не задаволіла, і яна вырашыла дамагацца ў судзе свайго канстытуцыйнага права на пошук і атрыманне інфармацыі. «Спецаўтагаспадарка» саступаць не хацела.

 

align=”left” >Як растлумачыў галоўны юрыст кампаніі Міхаіл Коўтун, дадзеныя па адлове жывёлаў (калі яны будуць адкрытыя для грамадства) дапамогуць… канкурэнтам. Прыкры вопыт у іх ужо ёсць – падобным чынам яны страцілі месца на рынку т. зв. «бія-прыбіральняў».

 

У сваю чаргу, абаронцы жывёлаў бачаць у гэтай справе не канкурэнтную барацьбу, а значную праблему: маўляў, кампанія «Спецаўтагаспадарка» ўсыпляе жывёлаў раней пяцідзённага тэрміну («каранціну»), і злоўленыя імі сабакі і каты адразу асуджаныя на гібель. Між тым, кантралюючыя органы парушэнняў не выявілі, а кіроўца вытворча-тэхнічнага аддзелу кампаніі Міхась Місюлін адзначыў: як мінімум за тры апошнія гады ні адзін гарадзенец не звярнуўся да іх ні за сваёй жывёлай, ні за той, якую б захацелася апекаваць.

 

А вось калі я пачала хадзіць у суд, мяне зацікавіла не толькі справа Элы і «Гаспадаркі», але і як ён – гарадзенскі суд! – працуе.

 

Уваход у будынак – гэта толькі першы «цуд» у краіне «суд». У судовых дакументах сустракаюцца памылкі… Немагчыма адшукаць вольную залу для слуханняў… У супрацоўнікаў суду няма часу весці справу…

 

У «нашым» выпадку з-за недахопу вольных залаў і месца ў кабінеце суддзі, дзверы зачыніліся перад носам гурту падтрымкі. І справа на кароткі час апынулася «закрытай». Праз некалькі хвілін растлумачылі – для працэсаў прызначаюцца толькі тры залы і, не гледзячы на тое, што гадзіны працэсаў загадзя ўзгадняюцца, прыходзіцца чакаць.

 

Слуханне пачалося з прачытання абвінаваўчага акту, г. зн. – са спісу законаў, на падставе якіх адзін бок патрабаваў інфармацыю, а другі на гэта не пагаджаўся. Суддзя, стомлены чытаннем законаў, суцяшае самога сябе і «супакойвае» істыцу – суд не мае права ўмешвацца ў статут прадпрыемства. На падказку – маўляў, суд мае права прызнаць нешта незаконным – гучыць той же адказ – суд не мае права…

 

На кожным слуханні ёсць час для абгрунтавання пазіцыі аднаго боку і адказу іншага. Тут у ролі «абгрунтаванняў» Эла Ласончык называла законы, згодна з якімі грамадзянін мае права шукаць і распаўсюджваць інфармацыю, і па якіх запатрабаваныя ёю дадзеныя не з’яўляюцца канфідэнцыйнымі.

 

Час ад часу суддзя перабіваў спадарыню Ласончык: «Больш марудна, мы не паспеем запісаць». Справа ў тым, што сакратар суду Алена пісала пратакол… уручную. Найчасцей гучала: «…прадстаўнік, коска… Алена, вы паспяваеце? Так вось: прадстаўнік, коска… Алена, вы запісалі?». Зразумела, што некаторым стала сумна, і хто-ніхто стаў перакідвацца слоўкам з суседам. Гоман суддзя хутка спыніў: «Ціха сядзець! Гэта не рынг, адразу пойдзеце ў камеру, я тут не бліны на базары прадаю». Суддзя такім чынам весяліў самога сябе, стаміўшыся ад аднастайнай працы.

 

У той дзень Міхаіл Коўтун, юрыст «Спецаўтагаспадаркі», не паспеў адказаць у якасці «другога боку». Суддзя абапіраючыся на тое, што беларускае заканадаўства не дасканалае, і што законы супярэчаць адзін аднаму, стаў пераконваць юрыста ў тым, што яму патрэбны час для падрыхтоўкі. Суддзя стаў весці аўкцыён… сам з сабой. У пачатку прапаноўваў 10 хвілін перапынку, затым 20, 30… Напрыканцы вырашыў: працяг заўтра. Усё, што маглі зрабіць бакі, гэта вызначыць гадзіну наступнага слухання.

 

Чаму суддзя палічыў, што спадар Коўтун не падрыхтаваны? А можа пабаяўся, што Коўтун адкажа не так, як бы яму хацелася? Ці суддзя стаміўся і вырашыў усё шпарка скончыць? На наступны дзень усім удзельнікам працэсу прыйшлося зноў адкладаць свае справы, браць дазвол з працы і ехаць у суд, каб пачуць тое ж, што суддзя ўжо прачытаў і адкаментаваў учора.

 

Суд мае права на нейкі час кіраваць жыццём грамадзяніна – выклікаць яго ў суд і штрафаваць за «неяўку». Але ж… слуханні пераносяцца з дня на дзень. Кожны раз прыходзіцца амаль гадзіну дабірацца да суду, каб там правесці 5 хвілін і зноў пачуць «Запрашаю заўтра». Як на спатканне! І людзі павінны прыстасоўвацца: адмяняць візіты да доктара, дамаўляцца на працы, клапаціцца, з кім пакінуць маленькае дзіця.

 

У дзень вынясення рашэння, суддзя, як заўжды, выглядаў «на спрацаванага». Нам пашэнціла трапіць у кабінет ужо ў якасці журналістаў і атрымаць дзіўны каментар: «А я вучыўся з журналістамі, вы да іх не падобныя!». Я паглядзела на партрэт, які вісеў на сцяне, і мне не было сорамна, што я не падобная да савецкіх журналістаў – аднагодак суддзі.

 

Нудотнае чытанне рашэння суддзя нечакана перарывае жартам: «Спадарыня Ласончык, можа, самі прачытаеце?» – «А не, спадарыня Ласончык, на гэта мы не маем права».

 

Суд, спасылаючыся на пастанову Савета Міністраў РБ ад 1992 году пра абарону камерцыйнай таямніцы, прызнаў патрабаванні спадарыні Ласончык галаслоўнымі і неапраўданымі.