Мікалай Аўтуховіч пачаў даваць паказанні
“Яна прапанавала, каб я адлічваў кожны месяц пэўную суму за тое, што займаюся прадпрымальніцкай дзейнасцю.
На гэта я адказаў, што плачу па таксі адзіны падатак, нідзе нікога не падманваю і “левых” грошай зарабіць не магу.
Увесь горад ведаў, што, калі вадзіцель не ўключыў лічыльнік, ён будзе звольнены.
Таму за што я вам буду плаціць? Вось з таго часу ў мяне пачаліся праблемы з падатковай”.
Прадпрымальнік таксама пракаментаваў паводзіны Аляксандра Ларына, які сведчыў супраць Аўтуховіча:
“Ён зрабіў непрыгожа і цяпер проста выкручваецца”.
Што дакладна зрабіў Ларын, Мікалай Аўтуховіч паабяцаў распавесці падчас выступу.
Адвакаты Тамара Сідарэнка і Павал Сапелка высвятлялі ў Ларына, чаму ягоныя паказанні падчас суда адрозніваліся ад таго, што ён казаў на следстве.
Часцей за ўсё Аляксандар Ларын адказваў “не памятаю” альбо “не жадаю адказваць”.
Таксама высветлілася, што на пачатку следства допыты Ларына праходзілі без адваката, прычым нібыта паводле ягонага жадання.
Вось як пракамнтаваў пачутае ў судзе грамадскі актывіст Мікалай Дземідзенка:
“Мяркую, калі чалавек прыдумляе ці калі ягоныя паказанні напісаныя следчым, яму складана праз год знаходжання ў турме згадваць гэта ў адкрытым працэсе.
Я гэтым тлумачу блытаніну, непаслядоўнасць, памылкі ў паказаннях Ларына”.
Удакладняў паказанні Аляксандра Ларына і суддзя Аляксей Цяцюхін.
У прыватнасці, суддзя вярнуўся да падзеяў 28 кастрычніка 2005 года, калі Аляксандар Ларын нібыта спрабаваў стрэліць з гранатамёта ў старшыню гарадзенскага аблвыканкама Ўладзіміра Саўчанку.
Паводле Ларына, усяго на сваёй “пазіцыі” ён прабыў “хвілін 20—25”.
Тры дні таму з яго ж паказанняў выходзіла, што ён прабыў там каля 3 гадзін.
Суддзя паспрабаваў высветліць і намер, якім кіраваўся Ларын:
Суддзя Цяцюхін: “Вы нам сказалі, што стаялі, закрыўшыся маскіровачнай сеткай, і назіралі. За чым вы назіралі?”
Ларын: “За аўтамабілем, за людзьмі, якія там хадзілі”.
Суддзя Цяцюхін: “А навошта?”
Ларын: “Каб ацаніць сітуацыю?”
Судзьдзя Цяцюхін: “І што далей?”
Ларын: “Я адмаўляюся адказваць”.
Працэс у Вярхоўным судзе з 16 сакавіка ідзе штодня.
Мікалаю Аўтуховічу, Уладзіміру Асіпенку і Аляксандру Ларыну пагражае вышэйшая мера пакарання — пажыццёвае зняволенне альбо смяротная кара. Часткова віну прызнае толькі Аляксандр Ларын.
Паводле http://www.svaboda.org
Фота Юліі Дарашкевіч з сайта http://www.nn.by/