Валейбалісты “Камунальніка” выйгралі бронзавыя медалі
У мінулыя выходныя чацьвёрка наймацнейшых мужчынскіх каманд краіны спаборнічала паміж сабой у Гродне.
“Камунальнік” саступіў 1-3 мінулагоднім чэмпіёнам – жлобінскаму “Металургу”, пераможцам сёлетняга чэмпіянату – сталічнаму “Будаўніку” (2-3) і перамог гомельскі ГВК 3-0.
Каманда Віктара Бекшы і Віктара Сінгаеўскага яшчэ захоўвае тэарэтычныя шансы нават на срэбраныя медалі. Для гэтага, аднак, трэба перамагаць ва ўсіх застаўшыхся гульнях чэмпіянату.
Бліжэйшы тур з удзелам наймацнейшай чацьвёркі адбудецца 9-11 красавіка ў Магілёве.
А вось гарадзенскія валейбалісткі пасля мінулагодніх бронзавых медалёў сёлета будуць змагацца ў красавіку за месца ў вышэйшай лізе з двума лепшымі дружынамі з дывізіёну “Б” – гомельскай “Надзеяй” і наваполацкай “Дружбай”.
Клопаты гарадзенак распачаліся пасля смерці стваральніка каманды, заслужанага трэнера Беларусі Ўладзіміра Карчэўскага і скарачэння выдаткаў на фінансаванне каманды.
Пасля гэтых падзей клуб пакінулі ўсе наймацнейшыя валейбалісткі, на змену якім прыйшлі дзяўчаты з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.
На здымку: гарадзенцы стрымліваюць атаку ГВК.
Фота Яраслава Ванюкевіча