У Гродне адбудзецца суд над журналісткай
Ірэна Валюсь удзельнічала ў акцыі салідарнасці з актывістамі непрызнаваемага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі, які ўзначальвае Анжаліка Борыс.
Нагадаем, што 17 лютага прыблізна сто актывістаў гэтай арганізацыі прыйшлі да Кастрычніцкага РАУС, каб выказаць падтрымку тром сваім паплечнікам, якія сядзелі ў міліцэйскім спэцпрыёмніку.
Ігар Банцар, Мечыслаў Яскевіч і Андрэй Пачобут былі арыштаваныя на пяць сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася каля будынку Саюзу Палякаў у Гродне 10 лютага.
Абвінавачванне Ірэне Валюсь грунтуецца на відэаздымцы, якую ў час акцыі вялі супрацоўнікі міліцыі.
Гэта не першы канфлікт Ірэны Валюсь з прадстаўнікамі ўлады.
>
15 лютага журналістку прымусова зацягнулі (гл. фота) у аддзяленне міліцыі ў Валожыне (Мінская вобл.), дзе на яе склалі адміністратыўны пратакол нібыта за абразу кіраўніка праўладнай арганізацыі Саюзу палякаў у Івянцы Станіслава Бурачэўскага.
Фота: Радыё Свабода і Юліі Дарашкевіч, “Наша Ніва“.