Сяргей Міхалок пра ўрачыстасць самадзейнасці
У дзень канцэрту ішоў дождж. Пад дахам стаялі людзі рознага ўзросту, але, у асноўным, моладзь. Хто чакаў сяброў, хто шукаў, дзе купіць білет ці знайсці запрашальны, некаторыя проста чакалі, калі адчыняць дзверы «Парламенту». У мяне не было аніякага плану, як дамовіцца з «Ляпісамі» на інтэрв’ю таму, што арганізатар канцэрту, Дзяніс Мацяс сказаў мне, што гурт адмовіўся размаўляць з журналістамі, нават, прэс-канферэнцыі не будзе. Але знаёмы з «Радыё Гродна», якога я таксама сустрэла пад дахам, мяне «супакоіў» – прэс-канфэрэнцыя ўжо была! А 16 гадзіне. «Усё! – Падумала я. – Цяпер дакладна нічога не атрымаецца». І пайшла на канцэрт.
На сцэне ўжо граў гурт «Дай Дарогу» і тут я ўбачыла яшчэ аднаго свайго знаёмага, які супрацоўнічае з гуртамі «Твой Город», «Тлуста Луста», «Кальян». Проста нейкі дзень (дакладней, вечар) сустрэч!
align=”left” >Знаёмы сказаў, што ведае, дзе грымёрка. І мы пайшлі праз вялікую залу, нейкімі калідорамі… І вось на лесвічнай пляцоўцы сустрэлі Сяргея Міхалка, які пагадзіўся на размову. Мы пашукалі месца, дзе было б зручней адказваць на пытанні, і трапілі на дзверы з надпісам: «Мясной цех». Сяргею месца спадабалася.
– Выступы гурту маюць поспех як на беларускіх пляцоўках, так і за мяжой. Што, на вашую думку, трэба рабіць музыкам, каб дасягнуць поспеху?
– Ну, няма такога арыенціру на слова «поспех», таму што ў сучасным грамадстве слова «поспех» набыло негатыўнае адценне. І я больш «падтрымліваю» аўтсайдэраў, людзей, якія пазіцыянуюць сябе як антысоцыўм, нонканфармізм. То бок, для мяне Том Уэйтс (амерыканскі спявак і аўтар песен, кампазітар, акцёр – аўт.) сімвалізуе поспех, а для пакалення МузТВ і МТV, які небудзь тоўсты Цімбалэнд ці Бейонсэ, вось хто сімвалізуе поспех… Для іх важная колькасць плацінавых альбомаў і грошай. Для мяне ж крыклівы мільярдэр, які выдае сябе за дабрадзея, купляе грамадныя яхты ды ўтрымлівае штат садоўнікаў ды кухарак, проста корчыць з сябе «нейкага рок-н-рольнага бунтара», хоць за апошнія 15 гадоў ніводнай нармальнай песні не напісаў. Таму няма ніякіх рэцэптаў.
Тое, што зараз адбываецца на індзі-сцэне ў Беларусі, у контр-культуры – гэта і ёсць сапраўдны творчы музычны гераізм. Усе размовы на тэлебачанні пра нашую паспяховую эстраду – блеф. Гэта містыфікацыя, гэтага свету ўвогуле не існуе. Я гляджу на афішы і нічога не бачу, нічога не разумею. Я не разумею, аб кім ідзе размова.
– Між іншым, гурт перамагае на фестывалях, атрымлівае кароны…
– Не гледзячы на тое, што мы атрымліваем прызы, што тысячы людзей ходзяць на нашыя канцэрты, мы існуем у сегменце андэграўнду. Гэта парадокс сучаснага стану ў былым СССР. Рок-н-рол у нас можа існаваць у андэграўндзе. Ўсё, што звязана з мэйнстрымам – усё становіцца гнілым і … гэта грамадная фінансавая піраміда, гэта хлусня. То бок, я сябе пазіцыяную, як вор. Я – рабочы клас ад музыкі, я жыву штодзённымі творчымі знаходкамі, мне важны футурызм, мадэрнізацыя маіх уласных ідэй. Я адчуваю патрэбу ў новых паэтычных спектаклях, для мяне гэта жыццёвая неабходнасць. А ўсе гэтыя мультымедыя – зомбі.
Кожны музыка павінен прайсці эвалюцыю. Спачатку ён павінен быць меламанам. Любы геніяльны музыка – Іггі Поп, Джымі Хендрыкс – яны слухалі тысячы гуртоў, яны пранізаныя наскрозь палітрай усёй музычнай пратэстнай духоўнасці. Не трэба думаць бізнэс-параметрамі, яны ўжо не працуюць. Паглядзіце на гурт Арцік Манкіс: дзякуючы інтэрнэту і таленту, не падпісаўшы ніводнага кантракту, праз 3 месяцы яны сталі збіраць аншлагі на сваіх канцэртах. Вось шлях для сучаснага музыкі. Ёсць добрая прымаўка: нарадзіцца дурнем – не сорам, памерці дурнем – сорам. Таму для ўсіх старт аднолькавы, а шлях – у кожнага свой, уласны. Галоўнае – жыць і думаць. Кожны чалавек народжаны героем.
Я ў студыі глядзеў глянцавы часопіс… Я не ведаю іх, хто гэтыя дзяўчаты ў золаце, што гэта за гамасня… У якім свеце яны жывуць? Няўжо яны не бачаць, што ёсць сапраўдны свет, які складаецца з іншых фарбаў, больш жывых і цікавых. Няхай гэты свет больш небяспечны…
– Я думаю, у кожнага свае каштоўнасці. У кагосьці – грошы, у кагосьці ….
– У сэнсе? Вы не верыце ў тое, што цывілізацыя пакінула для нас агульныя каноны?
– Так, натуральна, духоўныя…
– Васьмярычны шлях? Так, правільна. А якія іншыя? Дзесяць запаведзяў, гэта як бы вось каардынат, крок у права, крок у лева – гэта твая ўласная справа. Але ёсць рэчы, якія для ўсіх аднолькавыя.
– Вы граеце ўжо 20 гадоў. Да чаго вы імкнецеся?
– Я імкнуся, каб кожны год «спісваў» два, я лічу, што я маладзею. Для мяне не важныя ўсе гэтыя заслугі, усё гэта глупства. 20 гадоў… Некаторыя людзі святкуюць юбілеі, але яны, як былі ў пачатку шляху, шэрымі трутнямі, так і засталіся. А ёсць людзі, якія напісалі адзін альбом, але ён вялікі, і яны згарэлі. То бок, важны не час, а моц і энергія, якую ты пакінуў пасля сябе. Аднаму хапіла і адной песні, а іншаму ўвогуле на сцэну не трэба было выходзіць. Галоўнае – кім ты зараз сябе адчуваеш. Я не адчуваю за сабой ніякіх заслуг, я сябе заўсёды адчуваю ў пачатку свайго творчага шляху. Кожную секунду мы нараджаемся і паміраем ізноў. Нармальны чалавек адчувае патрэбу браць новыя высоты, маляваць новыя палотны. Вы ўяўляеце сабе мастака, які намаляваў адну карціну і ходзіць усё жыццё яе паказвае? Чаму ў поп-культуры які-небудзь таўсцячок напіша «Синий туман» (тут суразмоўца мацюкнуўся –аўт.) і атрымлівае «народнага» артыста? Усе яго песцяць і мілуюць… А Ван Гог між тым, не прадаўшы ні адной карціны, пакінуў аграмадную спадчыну і заўсёды адчуваў цягу да самаўдасканалення. Прагнасць, фанабэрыстасць, самалюбаванне – ворагі творчага чалавека.
– Дайце сваю адзнаку беларускаму «шоў-бізнэсу».
– На сцэне зараз кіруе другога сорту эстрада і самадзейны шансон (смяецца). Людзі, якія павінны выступаць на сяброўскіх вечарынках і спяваць песні ля вогнішча – выходзяць на сцэну і курчаць з сябе артыстаў. Урачыстасць самадзейнасці ды ўзвышэнне вульгарнасці! У рэшце мы затрымалі выхад выканаўцы на сцэну. Таму – прабачце, каго мы прымусілі чакаць.
Гурт «Дай Дарогу» ўжо быў у грымёрцы, лідар Юры Стыльскі выглядаў вельмі стомленым, таму я абмежавалася кароткімі пытаннямі:
– Ці задаволеныя канцэртам? І што адчуваеце на сцэне?
– Усё было клёва. Прыемна, што людзі, якія прыйшлі на іншы гурт, адгукнуліся на нашы ляманты. Здараецца, я адчуваю, што мяне сілы пакідаюць, таму, што ў зале столькі вампіраў. А часам наадварот – прыліў, калі людзі не толькі забіраюць энэргію, але і аддаюць. Некалі «прэ», а некалі – выдыханым сябе адчуваеш і падаеш…
Дырэктар гурту Яўген Крук падтрымаў размову, адказаўшы на пытанне:
– Як вы лічыце, беларускаму гурту ёсць сэнс выступаць за мяжой?
– Калі гурт рускамоўны – не, адзінае выйсце – СНД. Напрыклад, Расія, дзе насамрэч калектыў можа быць запатрабаваным. Ну які сэнс? Заспявае «Дай Дарогу» на ангельскай мове, атрымаецца другі Блінк-182. Каму яны там трэба? Там ёсць сваё. Так, «Ляпіс» выступае ў ЗША, але там – вялікая рускамоўная дыяспара, а амерыканцам – гэта схадзіць, паглядзець «па-прыколу». Нам сэнсу няма, яшчэ тут столькі прасторы…
На заканчэнне – некалькі ўражанняў непасрэдна пасля канцэрту:
Аляксей: «Дай Дарогу» – панк, з нецэнзурнымі словамі, тэкстамі. «Ляпис Трубецкой» – таксама вясёлы панк, сацыяльная сатыра. Тут павінны весяліцца, адрывацца па поўнай – моладзь, падлеткі. А на справе – столікі з белымі абрусамі, цёці са сваімі мужамі, селі за столікі і зрабілі фуршэт! Шмат столікаў, з якіх не ўбачыш таго, што робіцца на сцэне.
Дзяўчына без імя: Канцэрт класны, але я прыйшла з мамай, ёй больш спадабаўся.
Хлопцы: Канцэрт класны, вельмі спадабаўся! Вельмі вясёлы. Так, супер! Наскакаўся, набегаўся, голас сарваў. Усё – чаго чакаў, усё было!
Дарослыя мужчыны: Канцэрт? Гук добры, але голас не вельмі чуваць. Вядома, памяшканне невялікае, а так… «Ляпісаў» слухаю даўно, яшчэ з тых пор, калі быў кіроўцам і размаўляў з магнітолай, таму, што больш не было з кім. А зараз «Ляпісы» зусім іншыя, вельмі змяніліся, але мне гэта падабаецца. Канцэрт – класны!.. А ўвогуле, мы ўжо старыя, нам па 40 гадоў, і прыйшлі мы сюды таму, што маладыя душой.
Мы з прыяцелем узялі верхнюю вопратку і разышліся па дамах. Я сама не слухаю «Ляпісаў», але ў галаве заселі словы «Культпрасвет, культпрасвет…».
Фота Віктара Навуміка і Аляксандра Сыра