Цырульнік-зваршчык ці Як пазбавіцца ад дэпрэсіі
Прычым, не проста чубок падраўнаваць, а – сцісла, ледзь не «пад машынку». Спытала ў сяброў, якія штодня змяняюць стылі і колер валосся, да каго лепш звярнуцца. І амаль 9 з 10-ці параілі мне нейкага Андрэя Іваноўскага па мянушцы Кемпер, які працуе ў цырульні «Люксор».
Вынік працы Андрэя мяне ўразіў так, што я не змагла выціснуць і гуку. У цырульню ўвайшла адным чалавекам, а выйшла – зусім іншым. Пакуль мяне стрыглі, я, не губляючы часу, міла балбатала з майстрам. І вось што атрымалася даведацца.
«Цырульны» стаж Андрэя складае каля трох гадоў. Пачынаў ён у салоне «Эгаіст», а потым запрасілі працаваць у «Люксор». Сярэдня-спецыяльнай адукацыі цырульніка Андрэй… нават не мае.
– Я скончыў каледж па спецыяльнасці газаэлектразваршчыка.
– ?!
– Не хвалюйся, атрымаў я гэтую спецыяльнасць толькі для скарыначкі. Мяне ніколі не прываблівала ідэя зварваць трубы. Проста, пакуль вучыўся ў каледжы, стаў цікавіцца стрыжкамі, фрызурамі. Потым пайшоў на курсы цырульнікаў, чатыры месяцы адвучыўся там, і знаёмы запрасіў мяне да сябе працаваць. Так і пачалася мая кар’ера ў гэтым накірунку.
У Андрэя стрыжэцца велізарная колькасць гарадзенскай моладзі. Ён сам лічыць, што гэта звязана з тым, што моладзь любіць эксперыментаваць, гэтак жа, як і сам цырульнік. Андрэю падабаецца рабіць «ірваныя» прычоскі, знаходзіць незвычайныя рашэнні і выявы. Хлопцы і дзяўчаты прыходзяць, просяць зрабіць «штосьці ў стылі». А ўжо потым кліент і майстар думаюць, як лепш гэтае стыльнае «штосьці» рэалізаваць.
– З людзьмі ва ўзросце такое не пройдзе. Ім патрэбная строгасць, а не вулічны стыль. Ды і людзям адной узроставай катэгорыі заўсёды прасцей адзін з адным, – кажа Андрэй.
– Ці ёсць у цябе нейкая перавага ў стрыжках? Да мяне даходзілі чуткі, што ты любіш стрыгчы сцісла.
– Не зусім так. Я не аматар стрыжак пад машынку ці валасоў даўжыні «вожык». Тут як раз уся сутнасць у слове «стрыгчы». Калі ў дзяўчыны, скажам, доўгія роўныя валасы, яна хутчэй за ўсё захоча проста падраўняць валасы, а калі чалавек прыходзіць менавіта «па фрызуру», змяняць стыль, тут ужо і поле бойкі – шырэй і разнастайней. Мне падабаецца працаваць з самой тэкстурай валасоў, над тым, як яны будуць выглядаць, як павялічыць іх аб’ем ці зрабіць так, каб яны ляжалі валасінка да валасінкі. Гэта значна цікавей, чым проста галіць людзей налыса дзень за днём.
Я чула пра Андрэя амаль толькі пахвальныя водгукі, таму пацікавілася, ці былі ў яго практыцы выпадкі, калі кліент гатовы быў «забіць» майстра пасля пошукаў стылю. Лаянкі непасрэдна ў салонах не адбывалася, але забаўны выпадак Андрэй усё ж такі распавёў:
– Неяк мы з прыяцелямі ў перапынак выйшлі на вуліцу піць каву. Забраліся ў альтанку, што не далёка ад салону, сядзім, размаўляем. І тут я заўважаю надпіс на лаўцы: «Кемпер, ты – жывёла!». Смеху, вядома, было шмат. Але раз хтосьці напісаў гэта непасрэдна каля цырульні, значыць я кагосьці дрэнна пастрыг.
– Андрэй, якія цяпер тэндэнцыі ў фрызурах, афарбоўцы валасоў? Распавядзі нашым чытачам.
– Вызначаных накірункаў няма. Цяпер усё больш становіцца модным хадзіць так, як падабаецца самому чалавеку. У апошні час людзі прытрымліваюцца натуральнага колеру валосся ці фарбуюцца ў больш натуральныя тоны. Шмат бландынак перафарбоўваюцца ў каштанавыя тоны. На моладзь вельмі ўплываюць любімыя героі кінастужак: выйшаў новы фільм з прыгожымі героямі і цікавымі гераінямі – чакай кліентаў на такія стрыжкі.
– А што такое «стыль ад Кемпера»?
– Я табе так адкажу – шукаць сябе чалавек павінен сам. Змяняцца, спрабаваць штосьці новае – гэта выдатна. І я амаль упэўнены, што майстры заўсёды дапамогуць штосьці абраць, падкажуць, калі звярнуцца да іх за дапамогай. Часам людзі прыносяць фотаздымкі ці малюначкі з пажаданымі фрызурамі – гэта таксама нядрэнны спосаб, бо так лягчэй вызначыць, ад чаго адштурхоўвацца. Але ў той жа час ёсць людзі, якія сябе не бачаць з боку. Тады ім неабходна падказка прафесіянала.
> |
|
Перад… | Пасля |
Як ні дзіўна, пасля працы няўдалага зваршчыка, затое стыльнага цырульніка, мая дэпрэсія сапраўды адступіла…