Красны дзень прыватнага календара
І недзе пасярод усяго гэтага – сумны дух Зянона кліча змагароў з залаў Вальгалы.
Каму свята, а каму і страта: вунь, у Грузіі разлілося 900 тон піва. Хоць штосьці цікавае здарылася ў гэты «галоўны дзень кожнага сапраўднага беларуса». Прынамсі, ёсць аб чым пагаварыць. Бо гаварыць аб гістарычнай даце неяк няёмка. Усё, здаецца, сказана, намітынгавана на дзесяцігоддзі наперад. Як інакш святкаваць – не ведаем, а прыдумляць свайго – не ўмеем або не хочам. А як жа хацелася б убачыць музыкаў з дудамі, вулічны тэатр, тоны смецця, шэсце рыцараў, дзесяткі музычных сцэнаў, п’яных ангельцаў, марш феміністак, бясплатную колу, кніжную выставу, навуковы сімпозіўм, багаслужэнне за айчыну і радасных ад неабмежаванага спажывання грамадзян.
З забеспячэннем надвор’я нам пашанцавала больш, чым іншым. Дні абодвух Рэспублік прыпадаюць на радасны час вясны і праспанае пузам дагары лета. Палякаў шкада: іх 11 лістапада сумнае і шэрае, не спрыяе добраму настрою, гэтаксама як і традыцыя быць акрываўленым месіяй народаў. Затое як пашанцавала жыхарам Аўстраліі! Якой праўдзе не маліся – заўсёды сонейка, сёрфінг і дзяўчынкі ў бікіні.
Зрабіце людзям радасць – арганізуйце «пілоў файт», то бок бойку падушкамі. Або па-хардкору, па-беларуску, згуляйце ў сняжкі бульбай. Хрась! Зуба няма! Бум! Няма і вока! Выберыце «Караля Дурняў» і Антыбіскупа, як на сярэдневечных карнавалах і няхай сярод кандыдатаў не будуць толькі лысыя і вусатыя. Зялёныя цыліндры ці накладныя насы – не па-нашаму. Мы раздамо кожнаму па пары лапцей! А калі вы нязгодныя – калі ласка. Не для сябе ж хочацца свята – для людзей, бо я дык нават свайго дня нараджэння не адзначаю і 25 сакавіка напіваюся ў адзіноце.
«Шота, ты звар’яцеў!» – скажаце вы. Я не прыгожы, моцны і начытаны. А не граю ў шахматы і брыдж і не п’ю віскі. І вы такія самыя, як я. Нядаўна высветлілася, што беларусы ў сваёй масе хлуслівыя, баязлівыя, неахайныя, зайздрослівыя, злобныя і агрэсіўныя алкаголікі ды самазабойцы. Таму нам патрэбна свята людзей, а не святасць змагароў «за нашу і вашу».
Той, хто святкуе Дзень Волі абавязкова павінен быць шаленцам. Дзень абвяшчэння незалежнасці групкай такіх самых як ён вар’ятаў, якім было наканавана забыццё. Угодкі краіны, пра якую ў падручніку два абзацы. Свята мазахістаў, якія любяць атрымліваць дручком па спіне і задумвацца «а што было б калі…». Святкаваць такое – нетыпова для наскрозь рэалістычнай і меркантыльнай беларускай душы.
Са святам, фрыкі! Бо толькі вы чагосьці вартыя. У гэтым жыцці і ў кожным іншым.