Прыклад гістарычнай рэканструкцыі
Калі сцісла распавядаць пра сюжэт, то атрымліваецца наступная карціна. 65 угодкі бітвы пад Бродамі, што ва Ўкраіне (акурат там была фактычна знішчаная дывізія СС «Галічына», у якой служылі ўкраінцы-добраахвотнікі). Сучасныя аматары гістарычных рэканструкцый ладзяць фэст – «рэмэйк бітвы». У выніку нейкай недарэчнасці ўзрываецца міна, праляжаўшая з тых самых часоў, і чатыры аматары ваеннай гісторыі (2 рускіх і 2 украінцы) трапляюць у 1944 год…
Не ўлазячы ва ўсе «але»: «што было б калі…?», «адкуль узялася тая дзяўчына? » і «чаму кулямёт MG-42 так па-кіношнаму дзіўна пускае чэргі?», засяродзімся на асноўнай ідэі стужкі. А яна наступная.
Амаль з самага пачатку фільму стае зразумелым яго яскравы ідэалагічны напрамак: паказаць, што Украіна скатваецца ў фашызм, а дапамгчы «апамятацца» ёй можа толькі «старэйшы брат» – расеец (не хапала толькі падзякі адміністрацыі прэзідэнта ў цітрах ды партрэту Януковіча на бірульцы ў каго-небудзь са «станоўчых» герояў). Адзін з першых кадраў – лагер украінскіх «аматараў гістарычных рэканструкцый» п’яныя адмарозкі ў СС-аўскіх мундзірах танчаць пад украінскі рок і заляцаюцца да дзяўчат з расейскага лагеру (вядома, няўдала, бо тэрмінова атрымліваюць у храпу ад «рускіх пацаноў»). Трохі раней у фашысцкі лагер уязджае джып сынка дэпутата Вярхоўнай Рады – нейкага эмо, прыбалдзеўшага ад «фашызму» (не хвалюйцеся, бліжэй да канца фільму ён перавыхаваецца, а апошнія словы скажа на «чистом русском языке»).
Але вось нашыя героі ўжо ў 1944-м. Першы іх прыпынак – партызанскі лагер Украінскай Паўстанцкай Арміі (УПА). …Адразу ўспамінаецца стары добры савецкі фільм «Служылі два таварышы», дзе украінскія партызаны-махноўцы спецыялізаваліся на ўжыванні самагонкі амаль малочнага колеру і расстрэле ўсіх праходзячых міма самотных вайскоўцаў. Тут жа, да ўсяго вышэйпералічанага, трэба дадаць яшчэ і генацыд свайго ж мірнага насельніцтва: герояў падводзяць да ямы, дзе шчыльна стаяць па-вясковаму апранутыя жанчыны, сталыя людзі, якіх п’яныя нацыяналісты неўзабаве расстрэльваюць (вельмі натуралістычна, прычым).
Нічога не было б дзіўнага, калі б падобны акт расейскі сцэнарыст прыпісаў немцам ці мясцовым паліцаям (якія часта выконвалі самую брудную працу). Але чаму УПА? Як любое партызанскае фармаванне, УПА абапіралася на мясцовае, у першую чаргу вясковае, насельніцтва, і не пра які масавы генацыд украінцаў не магло быць і размовы (хаця этнічныя палякі, былыя асаднікі, часам пакутавалі ад атрымаўшых зброю ўкраінцаў).
Абурае нават не сам паказны факт расстрэлу, а тое, што рэжысёр наўрад ці пакажа ў сваіх фільмах праўду пра падаўленне паўстанняў 1794 і 1863 гг., пра бессэнсоўнасць Першай сусветнай вайны, пра другі бок (у т.л. і партызанскі) Другой сусветнай вайны, пра Афганістан, пра шэраговую зачыстку ў Чачні… Справа нават не ў жорсткасці – вайна ёсць вайна. Справа ў тым, што ў адной арміі яна ёсць (а часам толькі яна і ёсць), а ў іншай – быццам бы і няма. Няма зусім. А гэта няпраўда. Бог, як вядома, не любіць крывадушша, нават калі нам падаецца, што гэта патрэбна для «высокай мэты». А калі гэта яшчэ робіцца пад заказ і за грошы…
Наогул, калі пра Вялікую айчынную вайну (у тым ліку і беларусы) не пачнуць здымаць нешта новае, выходзячы за межы алгарытму «карнікі-партызаны» (вядома, не накшталт «Бясслаўных ублюдкаў»), тэму трэба будзе аб’явіць проста вычарпанай. Мы, беларусы, як ніхто павінны памятаць, што гэтая вайна мела куды больш граняў: нас могуць не зразумець расейцы і палякі, але абавязкова зразумеюць украінцы, прыбалты, каўказцы…
Далей у фільме асабліва нічога цікавага і не адбываецца: хлопцы бегаюць па лесе пад музыку «Акіяна Эльзы», пераапранаюцца ў савецкую форму, удзельнічаюць у сапраўднай бітве пад Бродамі і, нарэшце, у выніку выбуху вяртаюцца ў свой час (а перавыхаваны, ужо смелы, сынок дэпутата ВР кажа сваё кароннае: «Ребята, закурить есть? »). Карацей, баявік-агітка, зняты напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Ды і «будучыняй» асабліва не пахне – усё тая ж імперская раз’юшанасць прызнаннем змагароў УПА роўнымі савецкім ветэранам, Рамана Шухевіча – героем Украіны, а самой Украіны – незалежнай дзяржавай…
Фільм зроблены ў жанры баявіка, дзе чацвёра могуць забіць сотню, а сотня ніяк не можа забіць чацвярых. Асабіста я не маю нічога супраць баявікоў у прынцыпе. Абы сэнс быў. Мы абавязкова калі-небудзь здымем сваіх парачку пра БКА, Філістовіча, Рагулю, манументальную трохгадзінную гістарычную стужку «Пагоня на Грунвальд» ды «Канстанцін Астрожскі», драму пра паўстанцаў 1863 году… Галоўнае, каб праўду. І каб не толькі дзеля пракату. Няхай нават не акупіцца. Усе супрацоўнікі МУС абавязкова дабраахвотна пералічаць на добрую справу па 15 % сваіх заробкаў…
>
На фота: Злобныя бутафорскія нацыяналісты з фільму… (на застаўцы)
…і іх прататыпы з рэальнага жыцця