Гарадзенскія мытнікі ледзь не сарвалі спектакль у Магілёве
Польскае выданне “Zycie Warszawy” надрукавала пазаўчора гісторыю пра прыгоды польскіх актораў у Беларусі.
У Магілёў яны прыехалі для ўдзелу ў Міжнародным тэатральным Форуме “М@рт.Кантакт”, які ладзіўся 21-27 сакавіка. На Форуме палякі збіраліся паказаць пастаноўку “Таксоўка”.
Сам калектыў паехаў цягніком, адправіўшы неабходны для спектакля рэквізіт праз мяжу аўтамабілем.
На памежным пераходзе ў Баброўніках, аднак, гарадзенскія мытнікі машыну не прапусцілі, нягледзячы на тое, што, па словах актораў, усе патрэбныя для перасячэння мяжы дакументы былі ў парадку.
Калі сітуацыю ўдалося вырашыць, ехаць у Магілёў ужо было запозна.
У выніку польскім артыстам давялося імправізаваць: “таксоўкай” стала звычайнае крэсла.
Магілёўская публіка з разуменнем паставілася да сітуацыі і цёпла прыняла пастаноўку.
Вось толькі самі акторы цяпер моцна задумаюцца над тым, ці варта наступны раз ехаць у Беларусь – падсумоўвае гэтую гісторыю “Zycie Warszawy”.
Фота: zyciewarszawy.pl