Недзе там, дзе сціхае жыццё

| Без катэгорыі

Жукевічы калісьці былі калгаснай вёскай. Пасля развалу СССР – усё сціхла.

Пра калгас трохі нагадвае адзін кароўнік, за якім прыглядае пастух і тры сабакі. Не так даўно тут была яшчэ стайня, але апошнім летам хтосьці – мабыць, на распал – яе разабраў, а каней «прапісалі» па іншым адрасе, перагналі ў суседнюю вёску.

Тут жыве настаўнік

У сямі дамах жывуць людзі. Але статыстыка сумная: адзін дом — адзін жыхар. Пераважна жанчыны, якім у сярэднім каля 70 гадоў. Мужчын мала, акрамя пастуха тут жыве настаўнік, які навучае ў суседняй больш паспяховай вёсцы, ды п’яніца – жах тутэйшых жыхароў. Ён любіць хадзіць па вёсцы з сякеркай. Моладзі няма. Хто больш маладзейшы, даўно пераехаў у горад і там выхоўвае сваіх дзяцей. Калі надыходзіць цяпло з вясной і летам, прыязджаюць у родную старонку.

   

Справы тут звычайныя: па буднях штосьці робіцца вакол хаты ды ў доме, потым ходзяць да суседак на гарбату. У нядзелю – у касцёл або ў царкву. Праваслаўныя і католікі жывуць у згодзе, чаго сварыцца? Выключэнне – мясцовы «кавалер», п’яніца з сякеркай. Два разы на тыдзень адкрываецца крама на дзве гадзіны. На краме няма ні шыльды, ні інфармацыі, калі яна «працуе». Але ўсе ведаюць, калі прыйсці.

Побач лес – крыніца непаўторнага напою, клянавіку. Гэтымі надрэзамі на клёне, праз які бяжыць сок, і скончваецца вясковая рамантыка.

 

Чым вёска «вяртае» да сябе тых, хто яе пакінуў, паехаў у горад? Узімку – лазняй і снежным лесам. У лесе некаторыя коўзаюцца з горкі нават тады, калі акрамя ўласнага «мяккага месца» нічога іншага няма. Улетку магчымасцяў больш. Можна і сяброў-замежнікаў прывезці, няхай знаёмяцца з немудрагелістым жыццём.

   

А ўвесну пачынаецца праца для пчаляроў-аматараў. Кавалак сотаў з мёдам – гэта сапраўдны рарытэт. Як і вада, якую п’юць непасрэдна з калодзежу. Усё – з «першакрыніцы». Каналізацыі, між тым, няма. Пчолы, бярозавы венік у лазні, агарод – справы для людзей дарослых, калі не сталых.

>

Клуб звонку … і ўнутры

Моладзь, якая прыязджае ўлетку, ходзіць «у клуб». З клубу, які помніць часы СССР, засталіся ўспамін, дах і сцены, на якіх красуюцца англамоўныя назвы рок-гуртоў. Але «клубнае жыццё» кіпіць, дастаткова ўзяць з сабой музычнае абсталяванне, нават калі гэта толькі… мабільны тэлефон. І карты. І будзе весела.

 

Жукевічы – гэта нейкі іншы свет. Тут кожны аўтаматычна пачынае размаўляць па-беларуску, ці «на трасянцы», гарадскія норавы імгненна забываюцца. Кожны ведае кожнага і любы старонні зацікаўлівае, становіцца «зачэпкай» даўжэй пасядзець за гарбатай.

Сабакі тут забываюць брахаць, а каты ляжаць на платах.

Большасць дамоў разбурылася. Будучыня? У гумовых ботах, у мінулым, і ўжо ніхто не верыць, што сюды вернецца жыццё.