У жыцці ўсё прасцей, чым мы думаем

|

У жыцці ўсё нашмат прасцей, чым мы думаем. Людзям пра ўсё трэба гаварыць, а не думаць, што кожны здагадаецца сам.

 

Сюжэт лагічны, нават – банальны. Але нельга сказаць, што нецікавы. У Алена Култара атрымалася зрабіць цэласную стужку. Фільм пачынаецца з трагедыі – забойства маці дзяўчыны і заканчваецца забойствам яе любімага чалавека. І яшчэ амаль трох тысяч чалавек. Напрыканцы тая самая чыгуначная станцыя, тая самая дзяўчына… Тая самая музыка.

 

Дзякуючы Марсэло Заўрасу, кампазітару, мы ловім настрой больш тонка, больш ясна. Ён пранікае да самага сэрца, не дае супакоіцца на працягу ўсёй стужкі.

 

Уражвае тое, што Ўіл Фэтэрс, сцэнарыст карціны, не зрабіў канец фільму больш простым. Напрыклад, аварыя ці няшчасны выпадак… Ён напомніў пра падзею 11 верасня 2001 году. Можа ён адштурхоўваўся ад гэтай трагедыі і паказаў лёс толькі аднаго чалавека з тых, хто тады загінуў… А яшчэ былі і іншыя жыцці, людзі, у якіх лёс сышоўся на гэтым кавалку зямлі.

 

Акцёрская работа Роберта Пацісана ў большай ступені пераканаўчая, але цалкам паверыць яму я не змагла. Дыханне вампірскага ладу пастаянна было за спіной, так і намагалася праявіць сябе. Вобраз нейкага студэнта-рамантыка, які хоча, каб усё было добра і часам паводзіць сябе непрадказальна, груба, ды, нават, эгаістычна. Цыгарэта ў зубах, бутэлька піва, тыповы юнацкі максімалізм. Тайлер – прыгажун, які ведае аб гэтым і паводзіць сябе адпаведна. Самалюбаванне ды эгаістычнасць уласцівыя рамантыкам. Такое ўжо амплуа…

 

Тое, што апавяданне ідзе ад самога Тайлера, дае магчымасць убачыць свет яго вачыма. Запісы ў сшытку, думкі, гавораць пра нястрыманую тугу па браце і глыбокую адзіноту, якая больш яскрава паказаная эпізодамі ў кавярні, з бацькамі ды сябрамі.

 

Вобраз Айдана (Тэйт Элінгтан), які згуляў сябра Тайлера, даецца з двух бакоў. Легкадумны малады хлопец, які любіць вечарынкі, дзяўчат ды алкаголь і, уважлівы сябра, які будзе дапамагаць Тайлеру вярнуць каханую.

 

Але немагчыма не прасякнуцца глыбінёй адчуванняў галоўнага героя да сваёй сястры. Рубі Джеррынс, якая грае Караліну, адораную мастацкім талентам, выканала сваю ролю бездакорна. Імправізацыя яе работы надавала жвавасці карціне.

 

Таксама жывым быў і Нью-Ёрк.

 

«Памятай мяне» – фільм, які яшчэ раз можа нагадаць пра непрадказальнасць жыцця, ролю любві і ўзаемапаразумення ў ім. Можа я і сентыментальная, але бачыць смерць, калі жыццё толькі пачынаецца… Рэжысёр: Ален Култар, сусветная прэм’ера 1 сакавіка 2010 году. Працяг: 113 хвілін.

Фота з www.filmz.ru