Бабулінае кураня без ножкі ці Вялікдзень па-польску
Такіх салатаў ніхто іншы, як мая мама, не зробіць. Успамін пра свята – гэта карцінкі з дзяцінства. Дом бабулі ў Кракаве, на стале – буйміна з баранчыкам. А на шафе – жоўтае кураня з цукру, якому я цішком адкусіла ножку.
У Польшчы Вялікдзень – зялёны. Ужо за тыдзень-два да самога свята (нават у праваслаўных дамах) сеюць буйміну. Маленькія насёны высыпаюцца на мокрую вату і досыць хутка вырастае з іх густы «лес». Можна на яго паставіць баранчыка, і ён не ўпадзе, затрымаецца паміж тонкіх расткоў. Буйміна трохі горкая, яе ядуць з хлебам, як дадатак да бутэрбродаў.
У зялёны колер Велікодны свет малюе і самшыт. Ягонымі галінкамі аздабляецца кошык з ежай, з якім ходзяць у касцёл. У святочным кошыку галоўнае месца традыцыйна займае хлеб побач з яйкамі-пісанкамі, соллю, хрэнам і каўбасою. Вядома, у ім ёсць яшчэ і салодкае – «бабка». Сёння некаторыя кладуць шакаладныя яйкі, фрукты (напрыклад, апельсіны) і… што заўгодна. Акрамя «харчовага» начыння ў кошыку ёсць месца і для аздоб – баранчыка, куранят, зайчыка. Усё гэта прыкрываецца вязанай сурвэткай.
У суботу ўсе ідуць у касцёл, каб асвяціць божыя дары і пацалаваць крыж. Па дарозе ў касцёл дзеці спрабуюць зазірнуць у суседскія кошыкі: падглядзець ды ацаніць, чый кошык больш прыгожы ці больш багаты. Я заўсёды спрабавала ўхіліцца ад таго, каб несці кошык – у дзяцінстве я ўспрымала гэта як сорам.
У бабуліным доме ўсе рабілі пісанкі. Яйкі мы варылі у цыбуліным шалупінні і вострым лязом на іх рабілі розныя ўзорчыкі. З часам абавязак рыхтаваць пісанкі перайшоў на самага бяздарнага ў сям’і – малодшую дачку. Канкурэнцыі ў мяне практычна не было – толькі старэйшы брат, і я стала ўдасканальвацца ў масавай вытворчасці пісанак. Сёння я майстар малявання жоўтых куранят. Спосаб просты – намагаешся намаляваць жоўтага зайца, і ў выніку атрымліваецца сімпатычнае кураня.
Субота – балючы дзень: пост, нельга есці мяса, а ў лядоўні шмат каўбас і шынак, па ўсяму дому граюць пахі тушанай паляндвіцы. Можна звар’яцець!
Велікодны тыдзень – гэта час шчодра накрытага стала. На сняданках пануюць прадукты з кошыка – «свянцонкі». У той дзень нельга, каб не хапіла хрэну і цвіклы (спецыяльна падрыхтаваных бурачкоў з хрэнам), вяндлін, розных салатаў і яек укрутую. Пасля сняданку салодкае – шакаладныя яйкі і зайцы, бабка, тварожнік, пасха і дзіва дзіўнае – мазурка. Таямніца мазуркі ў слоі, які робіцца з цукерак «Кароўка». На цёплы слой з «каровак» кладуць сухафрукты. Можна (і модна!) ствараць з іх розныя велікодныя аздобы і надпісы. Я здражджу сакрэт – найсмачней, калі класці багата сухафруктаў хаатычна – так, каб на адным кавалку было ўсё! «Бабка» – тыповы дражджавы польскі пірог, які па смаку нагадвае куліч.
Абед – ужо з мясам. Першая страва – «журэк», другая – тушаная ў суботу паляндвіца. Журэк – гэта суп, які робяць з закваскі і жытнёвай мукі. Закваску звычайна купляюць, цяжка зрабіць самому. У некаторых дамах ядуць боршч – той, які ў нас сервіруюць на Раство. Увесь дзень на стале стаяць пірагі. Са шчуплай фігурай можна развітацца.
Панядзелак клічуць «мокрым», «літым» ці – смінгусам-дзінгусам. І не таму, што чакаецца дождж. Не прынцыпова, якое надвор’е: на вуліцах л’юцца гекалітры вады – з помпаў, посуду, вёдраў, з ўсяго прыгоднага. Традыцыя абліваць адзін аднаго вадой старая: хлопцы аблівалі дзяўчат вадой і далікатна «білі» іх вербнымі галінкамі. Сёння пра галінкі ніхто не памятае, а пра ваду – усе. У гэты дзень страшна хадзіць па вуліцах, пайсці ў касцёл, або на шпацыр – можна вярнуцца дадому цалкам мокрым. Тыя, хто абліваецца, могуць атрымаць штраф, але моладзі гэта зусім не перашкаджае.
Для тынейджэраў святочны панядзелак гэта яшчэ і першы дзень, у які можна пайсці на дыскатэку. Для дарослых – гэта канец адпачынку, у аўторак трэба ісці на працу і забыцца пра зайчыкаў. Для асалоды застаецца поўная лядоўня і пірагі. Хрыстос Уваскрос!
У напісанні артыкулу дапамагала Гося Марчык