Ветэраны жадаюць любові
Ветэраны лічаць, што фільмы зараз здымаюць добрыя, заснаваныя на рэальных падзеях, хоць і сустракаюцца нейкія несупадзенні, але яны не скажаюць рэальнасць. Больш таго, усё спраўды так і было: і патрыятызм, і лозунгі «За Радзіму! За Сталіна!». Але некаторыя фільмы ўдзельнікі вайны лічаць крыху наіўнымі. Як жа там ўсё было на самай справе? Што гавораць і як жывуць зараз тыя, хто рызыкуючы сваім жыццём, пракладаў шлях да мірнага жыцця? Успаміны гэтых сівенькіх і ўжо практычна нямоглых людзей вяртаюць нас у далекае мінулае, якое заўжды стаіць у іх перад вачыма.
Я сустрэлася і паразмаўляла з некаторымі з тых, каму пашчасціла вярнуцца з вайны і дажыць да сёння. Барыс Ізраілевіч Берман і яго жонка Ася Барысаўна, прайшлі ўсю вайну з самага яе пачатку, перажылі ўсе цяжкасці пасляваеннага часу, а зараз узнімаюць патрыятычны дух моладзі.
Барыс Ізраілевіч нарадзіўся ў горадзе Ромны, што ва Ўкраіне, з залатым медалём скончыў школу і без экзаменаў паступіў у медыцынскі інстытут на хірургічны факультэт. Гэта была яго галоўная мара. Але вайна ўнесла ў яго лёс свае карэктывы. Усіх хлопцаў, якія скончылі школу ў 39-м годзе, прызвалі ў войска. Барыса Ізраілевіча накіравалі ў батальён сувязістаў у Гродна. Рота рыхтавалася для адпраўкі ў Фінляндыю. У чэрвені 1940 году штаб з Гродна перанеслі ў літоўскі горад Каўнас. Там ужо ішла вайна і маладыя салдаты адчулі на сабе ўвесь яе жах. Гэта працягвалася амаль яшчэ пяць год, да ўзяцця Кёніксбергу, а потым – Берліну. За ўдзел у тых цяжкіх баях Барыс Ізраілевіч атрымаў медаль за адвагу.
>
«У той час медалі за адвагу сувязістам не давалі, – сціпла, нібыта апраўдваючыся, пачынае свой аповяд герой вайны, – але нам прысвоілі, бо мы пракладвалі 40-мятровы кабель сувязі пад перакрыжаваным агнём. Увогуле, баі за Кёніксберг і Берлін былі самыя цяжкія. Напрыклад, ужо пасля ўзяцця Берліну, банды фашыстаў, якія не палічылі сябе пераможанымі, адстрэльваліся і вялі даволі жорсткія баі на працягу некалькі тыдняў».
Я пытаюся ў Асі Барысаўны, як адносіліся да дзяўчат на фронце? Яна шчыра адказвае, што дзяўчаты на самой справе прасіліся на фронт ледзь не са слязьмі, і не заўсёды ў ролі медсясцёр: «Я і сама на фронт прасілася, але сказалі, что калі буду патрэбная, то выклічуць. Мы тады працавалі на лесазарыхтоўках. Уявіце: зіма, люты мароз, і мы ў тонкіх целагрэйках. Тады прыйшла павестка, дзяўчат на фронт забіралі, а я захварэла на запаленне лёгкіх, ды абмарозілася, уся валдырамі пайшла. Дзяўчат – на Прыбалтыйскі флот, а мяне – ў шпіталь. Крыўдна было да слез!».
– Скажыце, а такія выпадкі, як у фільмах паказваюць і ў кніжках пішуць, былі?
– Шмат было, і ўсялякіх. І дапамагалі адзін аднаму, і жыццё за сябра аддавалі, і, на жаль, здрадніцтва таксама было.
– А ці было штосьці такое, што запомнілася на ўсё жыццё?
– Так, быў адзін выпадак, – расказвае Барыс Ізраілевіч. – Наш полк ішоў праз поле, а немцы пачалі бамбардзіроўку. Ну мы ўсе паляглі, побач са мной афіцэр ляжаў. Было вельмі страшна, амаль кожны думаў: «Мая ці не?». Афіцер малады быў і надта ж баяўся, не вытрымаў і адпоўз ўбок… А праз хвіліну снарад акурат на яго…
– Барыс Ізраілевіч, вось вы прайшлі такі цяжкі шлях, усё бачылі, а як вы ставіцеся да таго, што зараз многія хлопцы згодныя на ўсё, каб «адкасіць» ад арміі?
– Вядома, крыўдна, што «косяць», але калі яны замест арміі паступаюць у навучальныя ўстановы, гэта вельмі добра, бо краіне патрэбныя спецыялісты. Я і сам пасля вайны паступіў у інстытут. Мае дакументы цудам захаваліся ў архівах Кіеўскага інстытуту, і я перавёўся ў Маскоўскі інстытут сувязі, які скончыў, як зараз кажуць «дыстанцыйна». Так што тыя, хто вучыцца замест таго, каб служыць, нічога дрэннага не робяць. Армія зараз не так моцна адчувае патрэбу ў службоўцах. А тыя хто «косіць» не дзеля чаго… Што ж зробіш, значыць, іх дрэнна выхавалі, яны не адчуваюць патрыятызму. І гэта застаецца толькі на іх сумленні.
– А што вы пажадаеце нашым чытачам напярэдадні свята Перамогі?
– Па-першае, любові. Любові да Айчыны, да сваіх матуль, бацькоў, каханых, да сяброў. Няхай усё ж яны не забываюцца пра гэтую страшэнную вайну і зробяць усё, каб больш такога ніколі не адбылося.