Божыя кароўкі пераходзяць на паліва

І ўявіце маё здзіўленне, калі сярод гэтай шэрай масы я раптам заўважаю сапраўдную божую кароўку!

Не казульку, вядома, а машынку, размаляваную «пад» чырвонага жучка.

Відовішча, прызнаюся, цешыць вока. Машынка маленькая, утульная, а за рулём – прыхожая дзяўчына. Вось, думаю, і чарговы доказ, што жанчыны – незвычайныя кіроўцы, а стыльныя, вынаходлівыя, з пачуццём гумару. Кіроўца «кароўкі» – Анастасія Яроцкая.

 

– Насця, ты даўно за рулём?

 

– Не, мой стаж усяго год і 3 месяцы. А вось правы я атрымала пяць з паловай гадоў таму.

 

– Як ты сама ставішся да жанчыны за рулём?

 

– Здараецца, бачыш, што хтосьці парушае правілы, або спыніў увесь рух, а за рулём нешта такое патлатае… Адразу ў галаве праносіцца: «Ой, ну што з яе ўзяць? Ну, баба ж за рулём!».

Але гэта стэрэатып… Вельмі прыемна бывае, калі кіроўца пісьменна так ўсіх абыходзіць, акуратна, а потым глядзіш – дзяўчына!

Сама я імкнуся ўдасканальвацца, таму што ў мяне «дзявочая» машына, і яе ўсе пастаянна хочуць падрэзаць, адціснуць, абагнаць.

Заўсёды прыслухоўваюся да парадаў мужа, даведваюся пра нешта з розных крыніц і ніколі не абураюся, калі мне робяць заўвагі.

 

Для свайго стажу Насця кіруе даволе нядрэнна, не баіцца цяжкіх парковак – няхай з пятага, няхай з дзесятага разу… але заедзе туды, куды сама сабе намеціла.

Часам тэлефануе мужу, пытаецца, як вырашыць чарговую «праблему», ці выправіць памылку. А ідэя зрабіць з машыны чыровонага жучка з’явілася сама сабой.

 

– Для мяне мая машына, як сродак самавыяўлення. Гэта мой другі дом. Да таго ж, і мадэль неяк спрыяе творчасці. Калі гэтая машына ў мяне з’явілася, мне адразу захацелася яе ўсяляк упрыгожваць, як звонку так і ўсярэдзіне.

>

Пачалося з таго, што на задняй панэлі Насця стварыла… палянку-дэкарацыю: кветачкі, траўка, матылькі.

Потым лагічна было размаляваць машынку звонку пад божую кароўку. Людзі ўжо пазнаюць гэтую машыну ў горадзе, фатаграфуюцца часам, дзеці паказваюць пальцамі, цягнуцца памацаць.

 

– Насця, на палянцы заўсёды лета?

 

– Не, я вырашыла змяняць выгляд з задняга шкла ў залежнасці ад сезону. Спачатку там з’явілася лета. Потым – восень і зіма. Цяпер вось на вясну буду змяняць.

Узімку ў нас быў і Дзед Мароз і Снягурка, увосень – каласы і жоўтае лісце. Я імкнуся ствараць настрой і сабе, і навакольным.

 

Насця з кіроўцамі іншых Фальксвагенаў-жукоў возіць вяселлі. Спачатку картэж складаўся з дзвюх машын, зараз колькасць павялічылася да чатырох.

І на чатырох машынах Насця спыняцца не будзе. Калі для вяселля трэба больш «жукоў», то яна ахвотна знойдзе яшчэ некалькі цікавых машынак.

 

Такім чынам, падыходзячы да лагічнага завяршэння майго расследавання аб жанчынах-кіроўцах у дзвюх частках, хацелася б адзначыць некалькі момантаў.

Жанчыны не толькі ў большасці акуратна водзяць машыну, але і валодаюць творчым падыходам да «жалезных коней», пераўтвараючы іх у чароўных «каровак» ды іншых мірных істотаў.

І яшчэ… Часам яны выйграюць турніры па экстрэмальным кіраванні!

Але аб імклівым стылі жанчын-кіроўцаў – у наступны раз…