“Вялікія мастакі” толькі для сваіх?
– Сёння па дарозе на працу я паспрабавала купіць “Камсамолку” з чарговым альбомам – распавядае “Твайму стылю” сп-ня Алена. На прылаўку ляжала каля дзесятка нумароў газеты, але прадавачка адмовілася яе прадаць, спаслаўшыся на тое, што ў яе ёсць спіс людзей, якія заранёў замовілі ў яе гэты нумар! Такая сітуацыя не толькі ў гэтым кіёску. У раёне аўтавакзала, дзе я жыву, кіёск адчыняецца ў 8 раніцы, а ў 8.05 газеты ўжо няма!
Дзяўчына затэлефанавала кіраўніцтву гарадзенскага “Белсаюздруку”, дзе ёй паабяцалі разабрацца ў сітуацыі, а таксама знайсці патрэбны выпуск газеты.
Гэта, аднак, не моцна суцяшае Алену:
– Я, магчыма, і атрымаю гэты выпуск, але ён павінен быць даступны і іншым гарадзенцам! – кажа яна.
Алена звярталася таксама ў рэдакцыю “Комсомольской правды”.
Супрацоўніца рэдакцыі паведаміла ёй, што сігналы пра тое, што ў кіёсках складана набыць нумары газеты з альбомамі “Вялікія мастакі” найчасцей прыходзяць менавіта з Гарадзеншчыны.
Свой праект “Вялікія мастакі” газета «Комсомольская правда» в Белоруссии” распачала 2 сакавіка.
Усяго плануецца выдаць 30 альбомаў з біяграфіяй славутых мастакоў і рэпрадукцыямі іх твораў.
Сёння ў продажы з’явіўся выпуск “Камсамолкі” з альбомам пра Бацічэлі.
Кошт кожнага альбома – 15 тыс. рублёў.
Ілюстрацыя: kp.by