У Анжалікі Борыс апісалі маёмасць
Як паведаміў “Твайму стылю” прэс-сакратар неафіцыйнага Саюза палякаў Ігар Банцар, судовыя выканаўцы забралі з хаты Анжалікі Борыс музычны цэнтр, мікрахвалёвую печку, кампутар, стацыянарны тэлефон, новы (ня ўстаўлены) шклопакет, масляны радыятар.
Ігар Банцар не выключае, што ў бліжэйшы час судовыя выканаўцы наведаюцца і ў офіс фірмы “Палоніка”.
Анжаліка Борыс была аштрафаваная 5 лютага судом Ленінскага раёна Гродна нібыта за тое, што кіруемая ёй фірма “Палоніка” з парушэннем заканадаўства выкарыстоўвала сродкі, атрыманыя ад польскага аб’ядання Wspolnota Polska.
Штрафам у 72 млн. рублёў была пакараная і сама фірма.
Спробы абскардзіць гэтае рашэнне ў абласным гаспадарчым судзе і Вышэйшым гаспадарчым судзе аказаліся безвыніковымі.
Яшчэ 15 сакавіка судовы выканаўца Гродзенскага абласнога гаспадарчага суда Яўген Юцэвіч даслаў у фірму ліст, у якім адзначалася, што калі штраф не будзе выплачаны добраахвотна, то грошы будуць спагнаныя прымусова.
Пасля расколу Саюзу палякаў у 2005 г. фірма “Палоніка” выкарыстоўвалася прыхільнікамі Анжалікі Борыс для ажыццяўлення статутных задач аб’яднання, у тым ліку для навучання польскай мове, арганізацыі канцэртаў і г.д.
Фота: Радыё Свабода