Сёння гадавіна смерці Ларысы Геніюш

|

Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гiмназii, у 1939 годзе пачала друкавацца ў беларускіх перыядычных выданнях “Ранiца”, “Беларускi работнiк”, “Новы шлях” і iнш.

Пасля таго, як Чырвоная Армія ў 1939 годзе заняла родныя мясціны паэткі, яе бацька арыштаваны і расстраляны, маці і сёстры – высланы ў Казахстан.

Ларыса Геніюш у гэты час удзельнічала ў працы ўрада БНР на эміграцыі, стала Генеральным сакратаром урада, апекавалася беларускімі эмiгрантамi, палiтычнымі ўцекачамi, беларускімі ваеннапалоннымi ў Германіі.

У 1948 Ларысу Геніюш арыштавалі разам з мужам і перадалi савецкiм уладам.

У лютым 1949 Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах.

У зняволенні яна працягвала пісаць вершы.

У 1956 паэтка разам з мужам была часткова рэабiлiтавана, тэрмiн пакарання зменшаны да 8 гадоў, якiя ўжо прайшлi з моманту прысуду.

Пасля вызвалення Ларыса Геніюш з мужам жылі ў Зэльве.

Паэтка прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства.

Нягледзячы на нагляд КДБ, у доме Геніюш часта бывалi паэты, пiсьменнiкi, мастакi, навукоўцы.

Толькі ў 1967 годзе з дапамогай Максіма Танка ў Беларусі выйшаў першы зборнік паэткі “Невадам з Нёмана”.

Але і тады ёй дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы.

Найбольш поўныя і значныя зборнікі твораў Ларысы Гненіюш убачылі свет ужо пасля смерці паэткі.

Сёлета 9 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш.

З гэтай нагоды створаны грамадскі аргкамітэт, які зоймецца арганізацыяй святкаванняў, а таксама будзе дамагацца пасмяротнай рэабілітацыі славутай паэткі і грамадскай дзяячкі.