Як Каложа ўзяла нас у палон
У паўпустым Саборы паставілі свечкі за здароўе і пашпацыравалі да Замкаў. Народу там было значна больш, вядома ж – выходныя. Усе ў чаканні лета пацягнуліся да вады (чытай – да Нёмана), спусціліся і мы. Ногі неяк самі пайшлі да Каложы. Гэта старэнькая маленькая царквушка чамусьці прыцягвае, як магніт.
align=”left” >З набярэжнай да гістарычнага помніку можна падняцца толькі па тым самым крутым беразе, які некалі споўз у Нёман, пацягнуўшы ўслед адну са сценаў Каложы. Падняўшыся нарэшце наверх, вырашылі спачатку абысці вакол царквы, дакрануцца да векавых цаглін, памарыць пра будучыню, гледзячы на ледзь бачныя руны. Так і зрабілі. Найперш рушылі да помніка Давыду Гарадзенскаму, бо пакуль падымаліся перад вачыма паўсталі фрагменты бітвы з крыжакамі (а магчыма, гэта была пазнейшая бітва з французамі), аддалі даніну памяці. Далей – па плане – у царкву.
Каля варот сустрэліся са Святым Айцом, які накіроўваўся ў царкву. «Відаць, хутка пачнецца служба», – вырашылі мы і пачалі абход. Цаглінка за цаглінкай, надпіс за надпісам, від на горад праз Нёман – прыгажосць! Адразу ўспомніўся нядаўна прачытаны «Крывавы пуф» Ул. Крэстоўскага. Магчыма, Каложа захавалася менавіта таму, што нейкі чалавек ахвяраваўся захоўваць гэтыя руіны, якія сталі яму родным домам, хоць і без даху.
Але ж зараз набажэнства! Хуценька сфатаграфаліся на фоне старой сцяны і паўз адноўленай драўлянай сцяны пашыбавалі да ўваходу. О-па! А дзверы-та – зачыненыя! Не пашанцавала….Што будзем рабіць? Прагуляемся па Новым парку. Накіраваліся да брамы. Дзіўна, куды ж падзеліся прыхаджане? Чамусьці ўсе – за варотамі і неяк вельмі ўжо зацікаўлена нас разглядаюць. Яшчэ крок… Тут ужо і мы сталі, рты раззявіўшы – на варотах вісеў вялізны ланцуг, а на ім – амбарны замок. Нас ЗАЧЫНІЛІ!!!
Пакуль мы штурхалі вароты і мацалі замок, жанчына, якая стаяла за варотамі, сказала, што нас сапраўды зачынілі і абодва бацюшкі толькі што паехалі. «Што ж рабіць?» – мы з сяброўкай абляцелі царквушку яшчэ раз, але ўжо не ў пошуках рун – мы шукалі выйсце. Яго не было! Тынкаваная сцяна – высокая, а дзе ніжэйшая – там шырокая – не пералезеш. З боку Нёмана – невысокая агароджа – магчыма там? Божачкі – там абрыў! Каля біятуалета – брамка! – замураваная!!! Мы зноў да варот. Мужчына спачуваючы паглядзеў на няўдалых верніц і ткнуўся ў расклад службаў. Павярнуўшыся да нас радасна канстатаваў: «Праз гадзіну – вячэрняя набажэнства!».
Мы толькі паспелі выдахнуць «дзякуй, Госпадзі!», як тая самая жанчынка ў прамым сэнсе слова апусціла нас на зямлю: «Службы не будзе, бо ўсе бацюшкі будуць служыць у Саборы». Апошняя надзея на чынны выхад страчана.
Выхад быў адзін – як злодзеем лезьці праз вароты на вачах ва ўсіх добрых людзей. «Грэх! Брыдота! Абраза! Гэта ж царква, да таго ж такая старая!» – Сяброўка не магла супакоіцца. Праўда быў яшчэ выхад – нейкім цудоўным чынам знайсці тэлефон кагосьці з настаяцеляў Каложы, або тэлефанаваць выратавальнікам. Але ж – засмяюць, як піць даць. Ну не начаваць жа пад адкрытым небам, не лета насамрэч. Ізноў на памяць прыйшоў «Крывавы пуф» – не мы яшчэ не гатовыя, ды і бацькі будуць хвалявацца – трэба лезці.
Бабуля, што праходзіла міма, прыпынілася, пачакала, пакуль мы спусцімся на зямлю і прамовіла: «Вас, унучачкі зачынілі тут, каб да Бога бліжэй былі, каб не гублялі сувязі з мінулым», – і пайшла сабе далей. А мы задумаліся: можа і сапраўды так, трэба помніць і трэба верыць.