«Характарыстыка», ці сродак знішчэння асобы?
Мой класны кіраўнік Галіна Пятроўна (імя я змяніла) прылюдна абразіла дзяўчынку, якая асабліва выбітнымі здольнасцямі ў вучобе не адрознівалася, але ва ўсіх школьных конкурсах прымала актыўны ўдзел. Ніколі з боку майго класнага кіраўніка не было нават намёку на пахвалу. Дзяўчынка (назавем яе Іра) – з не вельмі паспяховай сям’і: бацькі няма, маці цяжка хварэе, брат вучыцца, бабуля толькі і ведае, што лаецца…
Пачалося з таго, што большасць класу не выканала хатняе заданне па літаратуры. У гэты раз Галіна Пятроўна не стрывала нашага нахабства і пачала выклікаць кожнага да дошкі. Зразумела, усе атрымлівалі «два» ў журнал. Падыйшла чарга Іры, і ўвесь гнеў паляцеў на яе: настаўніца аблаяла нават… Ірыны джынсы. Хацелася ўстаць і сказаць: «Галіна Пятроўна, вы што, звар’яцелі? Яна яшчэ нічога не адказала». Але гнеўны погляд буравіў увесь класс, ад яго было не па сабе. І ніхто не асмеліўся ўступіцца за дзяўчынку. Нават нефармальны лідэр нашага класу Каця не змагла вымавіць ні слова. Па шчоках Іры цяклі слёзы, настаўніца супакоіла: «Ты мне тут не плач, а то я табе напішу характарыстыку!».
Галіна Пятроўна неаднаразова зрывала свой гнеў менавіта на Іры, але над гэтым выпадкам я задумалася. Так, ёсць прыклады больш жорсткага стаўлення настаўнікаў да вучняў, але гэтая сітуацыя паказала, што для Галіны Пятроўны вучань не столькі чалавек, колькі «навучальная адзінка». Да таго ж, настаўніца ўзброена страшным сродкам – «характарыстыкай».
Калі паспрабаваць устаць на бок настаўніка, то ўсё падаецца вельмі нявінным: вучні не выканалі заданне, нервы настаўніка не вытрымалі. Але…
Сучасныя беларускія дзеці часта скардзяцца на агрэсіўныя паводзіны настаўнікаў у школах і, як следства, на прысутнасць у навучальных установах псіхалагічнага дыскамфорту. Вынікі даследавання, якое праводзілася ў 2009 годзе, паказалі, што 17,7% дзяцей скардзяцца на нізкі прафесіяналізм настаўнікаў, 16,5% хацелі б, каб педагогі больш адчувальна ставіліся да вучняў , а 14,7% хочуць, каб навучальная нагрузка была меншай.
Не раз да Галіны Пятроўны звярталіся бацькі, каб яна трохі менш нагружала маіх аднакласнікаў, але яна мае на ўсе просьбы адзін і той жа адказ-пагрозу: «Каб яны сталі хоць крыху таленавітымі, не перашкаджайце мне, інакш я ўстрою ім цалкам іншы лёс». Пра тое, які лёс чакае іх дзяцей, бацькі ўдакладняць не сталі, але спробы паразмаўляць з настаўніцай пакінулі. Галіну Пятроўну вельмі хвалюе імідж класу, а не псіхалагічны стан у калектыве. Напрыклад, «збор» сродкаў на паход у тэатр: нават тыя дзеці, якія не хадзілі на спектакль павінны былі прынесці грошы ў класную скарбонку. Маўляў, 100-адсоткавае культурнае мерапрыемства.
Галіна Пятроўна – класны кіраўнік, у канцы навучальнага году, пасля іспытаў, яна будзе пісаць характарыстыкі, і невядома, што можа чакаць самых «ініцыятыўных» ці то вучняў, ці то іх бацькоў. Вось і трываюць нават тыя, хто ні ў чым не вінаваты.
Фота http://enisei.aif.ru