Лепшы гарадзенскі валейбаліст хоча змяніць грамадзянства

|

На мінулым тыдні ў Беларускую федэрацыю валейбола прыйшоў факс з польскай федэрацыі з просьбай даць згоду на тое, каб Ахрэм атрымаў новае спартыўнае грамадзянства.

У такім выпадку гулец праз два гады абавязковага ў такіх выпадках “каранціна” змог бы выступаць за зборную Польшчы. У тым ліку – на Алімпіядзе 2012 г. у Лондане.

Яшчэ ў канцы мінулага года валейбаліст адмовіўся падпісаць кантракт гульца зборнай Беларусі з Міністэрствам спорта нашай краіны.

Кіраўнік Беларускай Федэрацыі валейбола Барыс Батура (ён жа – старшыня савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны) ў інтэрв’ю газеце “Прессбол” заявіў, што не збіраецца даваць Ахрэму і палякам дазвол на змену спартыўнага грамадзянства.

Сам Ахрэм ад каментароў журналістам пакуль адмаўляецца.

 

Алег Ахрэм нарадзіўся 12 сакавіка 1983 г. у Гродне.

На працягу 2001-2005 гг. гуляў за гарадзенскі “Камунальнік”.

Пасля кароткага побыту ў складзе магілёўскага “Тэхнапрыбора” (2005-2007) перабраўся ў грэчаскі “Іракліс”, разам з якім перамог у чэмпіянаце Грэцыі і стаў срэбным прызёрам мінулагодняй валейбольнай Лігі Чэмпіёнаў.

З 2002 г. Алег стабільна гуляў у складзе зборнай Беларусі, з’яўляўся яе капітанам.

З 2009-м года гарадзенец гуляе за адзін з найлепшых польскіх клубаў Asseco Resoviа з Жэшува, разам з якім выйграў Кубак Польшчы 2010 г.

Нядаўна Алег Ахрэм працягнуў кантракт з гэтым клубам яшчэ на два гады.

Беларускія валейбалісты ўжо не раз змянялі спартыўнае грамадзянства.

Святаслаў Міклашэвіч з беларуса стаў “казахам”.

Пад сцягі зборных Расіі і Азербайджана пераходзілі валейбалісткі Юлія Андрушка, Аліна Буцько, Вольга Карпава і іншыя.

Польскае грамадзянства прымалі раней вядомыя гарадзенскія баскетбалісты Ігар Грышчук і Мікалай Альшэўскі.

У 90-я гады з Гродна ў Фінляндыю пераехаў славуты лёгкаатлет Эдуард Хямялайнен.

 

На здымку: Алег Ахрэм разам з сынам Ігарам на паркеце “Рэсовіі”.