Пяць дзён ва Ўроцлаве альбо якой можа быць старасць

|

Польскаму боку ёсць што паказаць. Таму праграма была надзвычай насычанай.

Штодзень – лекцыі, семінары, прэзентацыі.

І ўсе, з кім мы сустракаліся, шчыра і шчодра дзяліліся сваім вопытам, карыснай інфармацыяй.

Разам са слухачамі Універсітэта Трэцяга веку мы вучыліся трэніраваць цела і памяць, правільна харчавацца.

Нас цёпла прымалі ў секцыях народнай творчасці і выяўленчага мастацтва.

>

Працаўнікі турыстычнай секцыі правялі незабыўную экскурсію па старажытнаму Уроцлаву.

А хор пенсіянераў так зачараваў сваім майстэрствам і польскай песняй, што нам захацелася аддзячыць і паспяваць сваё, беларускае, хоць да гэтага большасць з нас ніколі на публіку не спявалі.

Пад беларускую “Купалінку” сёй-той змахваў няпрошаную слязу. Гэтак жа расчулі нас у выкананні хора “Польскія квяты”.

Дарэчы, і гэтая даравальая сентыментальнасць, і непрытворны патрыятызм, і гасціннасць, здалося мне, рояць палякаў і беларусаў вельмі падобнымі – нездарма мы блізкія суседзі.

Уразіла асяродзе, у якім правяла наша група пяць дзён на польскай зямлі.

Сустракаліся і кантактавалі найбольш з людзьмі сталымі, іншым ужо пад 80 і нават больш гадоў.

Але на ўзрост забываешся, калі бачыш добра апранутых дагледжаных кабет, падцягнутых мужчын. Бадзёрасць і аптымізм, усмешкі на тварах, бляск у вачах…

Хочаш – не хочаш, мусіш паверыць, што пасля 60-ці жыццё і сапраўды толькі пачынаецца.

А чаму не? Нарэшце атрымліваеш шанц рэалізаваць дагэтуль схаваныя здольнасці, аддацца любімай справе, на якую йне раней не меў часу, або падарожнічаць з сябрамі…

Шчаслівая старасць – галоўная ідэя універсітэтаў трэцяга веку, якіх толькі ва Уроцлаве, як мы даведаліся, ужо сем.

Шчаслівая – значыць, годная, фізічна, інтэлектуальна і сацыяльна актыўная.

Такая старасць, калі ты не выключаны з жыцця, не застаўся сам- насам з хваробамі, адзінотай, дэпрэсіяй , а гэта пагражае кожнаму, хто скончыў сваю кар’еру і адпраўляецца на пенсію.

Стасункі з польскімі пенсіянерамі пераканалі, што універсітэты накшталт таго, з дзейнасцю якога мы пазнаёміліся, ламаюць стэрыятыпы старасці, вымушаюць слухачоў да самаўдасканалення і ў рэшце рэшт робяць іх жыццё больш якасным і паўнакроўным.

Вядома ж, захацелася адкрыць новыя магчымасці нашым суадчыннікам.

Натхненыя польскімі сябрамі, мы вярталіся ў Гродна з цвёрдым намерам арганізаваць свой універсітэт сталага, ці, як у нас кажуць, залатога веку.

Ідэя знайшла падтрымку ў асяроддзі беларускіх пенсіянераў.

І сёння работа неад праектам ўжо распачалася.

Хацелася б падзякаваць за дапамогу польскіх каардынатараў, а таксама ўсіх-усіх, хто так клапатліва і цёпла апякаў нас ва Уроцлаве.