Сёння Аляксею Карпюку споўнілася б 90 гадоў

|

Пра гэта “Твайму стылю” паведаміў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.

Сёння група гісторыкаў наведае Гродзенскі гарвыканкам, каб перадаць зварот пра ўстанову памятнай шыльды на доме па вул.Горкага, у якім прайшлі апошнія гады жыцця Аляксея Карпюка.

А.Вашкевіч: “Хочам заклікаць гарвыканкам ушанаваць памяць Аляксея Карпюка, выканаць даўно прынятае рашэнне, пра якое ўсе забыліся”.

Аляксей Карпюк нарадзіўся ў сялянскай сям’і на Беласточчыне, скончыў Наваградскую педагагічную вучэльню.

У гады вайны ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай группы, трапіў у беластоцкую турму і канцлагер. Пасля ўцёкаў з лагера стаў партызанам, узначаліў партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага.

Па вайне працаваў у школе, педінстытуце, газеце “Гродзенская праўда”, узначальваў гродзенскі “Інтурыст”, Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі, быў сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

Аляксей Карпюк вядомы як сябра і паплечнік Васіля Быкава, аўтар твораў пра жыццё Заходняй Беларусі ў 1-ай пал. 19 ст. (аповесць “Данута”, раман-быль “Вершалінскі рай” ды інш.).

А.Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з А. Салжаніцыным, які перадаў яму для магчымай публікацыі сваю п’есу “Свеча на ветру” ды апавяданні “Правая кисть” і “Как жаль!”; кантактаваў з сям’ёй Геніюшаў.

Тэлефонныя размовы А.Карпюка пачалі праслухоўваць, у ягонай кватэры рабіліся тайныя вобшукі.

20 чэрвеня 1969 старшыня КДБ Андропаў накіраваў у ЦК КПСС сакрэтны ліст, дзе гаварылася, што камітэт ведае аб: «политически нездоровых настроениях белорусских писателей – члена КПСС Карпюка и Быкова… Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц».

У 1972 А.Карпюк па абвінавачванні ў нацыяналізме, кулацкім паходжанні, хлусні пра сваё мінулае выключаны з КПСС , нідзе не можа знайсці працу.

Яму дапамог П.Машэраў, пісьменніка аднавілі ў партыі, аднак назіранні за ім працягваліся.

У другой палове 1980-х гадоў Аляксей Карпюк актыўна ўдзельнічае ў гарадзенскім грамадскім жыцці: адзін з актывістаў БНФ, адзін з заснавальнікаў ЗБС “Бацькаўшчына”, кантактуе з клубам “Паходня”.

Як публіцыст, піша шэраг артыкулаў са сваёй трактоўкай падзеяў 1939.

Бюро Гарадзенскага абкаму КПБ прымае спецыяльную пастанову пра гэтыя артыкулы, менавіта гэтая пастанова стала падставай для напісання Васілём Быкавым артыкула ў абарону Карпюка.

5 красавіка 1991 Карпюк выйшаў з КПСС, матывуючы гэта тым, што «разуверыўся ў прынцыпах марксізму-ленінізму ды прыйшоў да высновы, што ідэі яго ўтапічныя, …прыдуманыя бюракратамі ў кабінэтах».

Памёр Аляксей Карпюк у 1992 годзе ў Гародні.

Фотагалерэю прысвечаную пісьменніку і фільм “Мой Аляксей”, створаны гарадзенскай моладдзю, глядзіце тут 

Фота з сайта http://harodnia.com