Хто з беларускіх палякаў трапіць на пахаванне Леха Качыньскага?
Старшыня праўладнага СПБ Станіслаў Сямашка, якому ўезд у Польшчу забаронены, паведаміў Радыё Свабода, што ён разам з дэлегацыяй сваёй арганізацыі накіруецца на пахаванне Леха Качыньскага і цяпер займаецца адкрыццём візаў.
Ён кажа, што візавыя абмежаванні для сяброў СПБ знятыя, і, магчыма, на ўвесь час.
Затое праблемы могуць узнікнуць у сябраў арганізацыі, якая ўвесь час карысталася падтрымкай польскага ўраду.
Ігар Банцар, прэс-сакратар СПБ пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, паведаміў “Твайму стылю”, што кіраўніцтва арганізацыі, якое збіраецца ў Варшаву ў пятніцу, можа апынуцца ў спісе невыяздных.
Сам Ігар Банцар 15 лютага быў асуджаны да 5 сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю акцыі ля польскага дому ў Гародні ў сямідзесятую гадавіну пачатку рэпрэсій супраць польскай меншасці.
Сёння ён даведаўся, што пакінутыя ім у судовага выканаўцы дакументы, якія падцвярджаюць аплату штрафа ў памеры 28 тысяч рублёў, некуды падзеліся.
Калі квітанцыі не знойдуцца, Ігару Банцару можа быць забаронены выезд за межы Беларусі.
Сама Анжаліка Борыс была аштрафаваная 5 лютага судом Ленінскага раёна Гродна нібыта за тое, што кіруемая ёй фірма “Палоніка” з парушэннем заканадаўства выкарыстоўвала сродкі, атрыманыя ад польскага аб’ядання Wspolnota Polska.
6 красавіка судовыя выканаўцы апісалі маёмасць сп.Борыс і забралі з кватэры музычны цэнтр, мікрахвалёвую печку, кампутар, стацыянарны тэлефон, яшчэ не ўстаўлены шклопакет, масляны радыятар.
Гэтая маёмасць будзе залічана ў кошт пагашэння штрафа, калі Анжаліка Борыс яго не сплоціць цягам 10 дзён.
Жанчыну папярэдзілі, што, пакуль штраф не сплочаны, яна будзе ў спісе невыяздных, аднак маёмасць у яе ўжо канфіскавалі.
Падобна, пра тое, хто з беларускіх палякаў трапіць на пахаванне трагічна загінулага прэзідэнта Польшчы, стане вядома толькі на мяжы.