Рэжысура і акторства – рэчы не сумяшчальныя
– Дзе вы вучыліся «на актора»? І чаму менавіта гэтую прафесію абралі?
– Нарадзіўся я ў Расіі, у Смаленскай вобласці. А вучыўся ў Мінску ў Беларускім дзяржаўным тэатральным мастацкім інстытуце. Так атрымалася, што пасля войска трэба было паступаць. У Маскве знаёмых не было, а ў Мінску жылі сваякі. Ды і вучоба ў Маскве – не з танных. А захапленне акторствам… Некалі ў гурток тэатральны хадзіў, у разнастайных пастаноўках удзельнічаў.
– Чаму вы выбралі менавіта Гродна?
– Так атрымалася пры размеркаванні. Але ў мяне быў выбар, і я паехаў у Гродна. Хутчэй за ўсё таму, што тады Гарадзенскі драмтэатр лічыўся лепшым у Беларусі. Зараз не ведаю.
– Для вас быць акторам – праца ці нешта іншае?
– Актор – гэта праца, прафесія. Гэта праца для тых, хто хоча быць побач з мастацтвам, культурай. Калі ўваходзіш у гэта паступова, потым акунаешся з галавой, і фінансавыя пытанні адыходзяць на другі план. Але часам прыходзіцца падпрацоўваць. Хто – дзе. Вядуць тэатральныя гурткі, напрыклад. Галоўнае, каб гэта было звязана са спецыяльнасцю. За нашыя заробкі цяжка пражыць.
– А вы яшчэ і рэжысёр…
– Так, вось нядаўна падвысілі. Далі кабінет. Нязвыкла. Не так, як у грымёрцы.
– Значыць, у вас ёсць уласныя пастаноўкі?
– Гэта «Брат Алёша», казка «Дзень нараджэння ката Леапольда» і «Тарас на Парнасе». – Самі ў іх удзельнічалі? – У «Тарасе на Парнасе» я гуляў народнага паэта.
– Цяжка сумяшчаць працу актора и рэжысёра?
– Такога насамрэч нельга рабіць. Рэжысёр павінен назіраць, а актор – гуляць. Бо актор не заўважае ўласных памылак, і калі ты рэжысёр – сам сабе не падкажаш. Не раіў бы так рабіць.
– А прыхільніцы не перашкаджаюць?
– Не, такога не было.
– Можа прыхільнікі?
– Не, дзякуй Богу!
– Што вы параілі б тым, хто збіраецца стаць акторам?
– Сто разоў падумаць. Праца актора – гэта вельмі складаная праца. І на большасці маладых людзей, якія ідуць у гэтую прафесію, надзетыя ружовыя акуляры. Асабліва на дзяўчатах. Яны паглядзяць серыял, і адразу – у актрысы. Ім падаецца, што надзелі прыгожую сукенку, нафарбаваліся, прачыталі тэкст і – поспех. Не! Калі падрыхтавацца да матэматыкі ці фізікі можна за адзін-два гады, то да прафесіі актора трэба рыхтавацца дбайна і дасканала. «Зорных» актораў вельмі мала. Адзінкі. Трэба разумна глядзець на рэчы.