«Школа зачыненага тыпу»

У СШ № 7, што знаходзіцца па вуліцы Курчатава, склалася цікавая сітуацыя: настаўнікі, арганізаваўшы паміж сабой дзяжурства, не выпускаюць вучняў у часе сваёй змены на вуліцу ў перапынках.

 

Дырэктар, Аксана Іванаўна Кулеш, сцвярджае, што гэта робіцца для…выгоды вучняў. Маўляў, школа адказвае за здароўе дзяцей, і калі хтосьці трапіць пад колы аўтамабіля, пакуль будзе бегчы ў кафэ, ці проста застудзіцца, калі пойдзе паліць, школа будзе адказваць.

 

Самі вучні супраць такой «апекі»:

 

– Мы харчуемся ў кафэ, таму што сталовая нас не задавальняе. Я не палю. Чаму мяне не выпускаюць? Кажуць, ідзі да дырэктара. – Абураецца Саша К.

 

Ёсць і іншыя думкі:

 

– Ды не турбуюцца яны пра нас. Калі мы ходзім на фізкультуру, на вуліцу, мы ў шортах і кашулях, але дырэктара не турбуе, што мы можам захварэць. І пасля гэтага яна будзе казаць, што адміністрацыя клапоціцца пра нашае здароўе?

 

– Калі я палю, то хай мяне штрафуюць, але каб са школы выпускалі.

 

А вось меркаванне юрыста – Святланы Андрэеўны:

 

– З аднаго боку, адміністрацыя нясе адказнасць за вучняў, і таму іх дзеянні можна зразумець. Але па законе адміністрацыя школы не мае права трымаць вучняў у школе. Гэта парушэнне правоў.

 

Дырэктар абяцае зняць «ахову» калі пацяплее, а да гэтага часу настаўнікі фізкультуры будуць стаяць на ганаровай варце з прынцыпам: «Усіх упускаць – нікога не выпускаць».