Яна робіць выключна – эксклюзіў
– З чаго пачалася твая любоў да хэнд-мэйду?
– З інтэрнэту. Я ўбачыла даволі цікавыя рэчы ручной работы, гэта мяне прывабіла. І я пачала шукаць, што гэта такое, як «яго вырабляць». Спачатку, калі замоваў яшчэ не было, рабіла прыкладныя копіі таго, што бачыла, каб навучыцца, уносіла трошкі свайго. Потым, калі я ўжо набралася вопыту і трошкі ўмення, пачала рабіць біжутэрыю. Выдумляла свае ўзоры.
Творчасцю Яна займаецца з дзяцінства. У школе вучылася ў мастацкім класе. Там было шмат заняткаў па маляванні і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Зараз вучыцца ва ўніверсітэце, на 3 курсе, па спецыяльнасці «садова-паркавае будаўніцтва». Ёй гэта падабаецца, і Яна мае намер у будучыні працаваць менавіта па сваёй спецыяльнасці.
– Ты робіш толькі біжутэрыю?
– Найчасцей. Неяк мяне ў гэты бок павяло – усе гэтыя завушніцы, пярсцёначкі. Але спрабавала рабіць і нейкія скульптурныя мініяцюры. Напрыклад, мініяцюркі жывёл: вожыкі, слонікі. Аднойчы лялек спрабавала зрабіць. Але лялькі – зусім іншы раздзел хэнд-мэйду.
> |
|
– Сама носіш свае вырабы?
– Калі шчыра, то я б насіла мала з таго, што раблю. Сама я ўжываю ўсё такое сціпленькае, не кідкае. Мне так падабаецца. А яркае, што можна зрабіць з пластыкі, я часцей выкладаю ў інтэрнэце, і пакупнік знаходзіцца. Мяне можна назваць па-расейску «сапожник без сапог». Усе дзяўчаты, калі даведваюцца, чым я займаюся, кажуць: «О, у цябе напэўна столькі завушніц, пад кожную сукеначку!». Хаця ў мяне насамрэч, толькі пара завушніц і пара пярсцёначкаў. Не ведаю, мне больш прыемна рабіць для людзей.
– Гэта ў цябе толькі хобі, альбо збіраешся займацца больш сур’ёзна?
– Нават не ведаю, пра гэта яшчэ не думала, пра нейкі бізнэс… Зараз – проста вельмі любімае хобі. Я гэтаму шмат часу аддаю, і мяне гэта вельмі цікавіць. Ёсць і такі плюс – мае хобі прыносіць трошкі грошай.
– Вырабы з мадэліну і пластыкі, новы від хэнд-мэйд мастацтва, альбо да беларусаў павольна ўсё даходзіць?
– Насамрэч, пачалося ўсё вельмі даўно, у заходніх краінах. З Амерыкі, з еўрапейскіх краін – Велікабрытаніі, Нямеччыны. Яны гэта пачалі тады, калі пачалася вытворчасць пластыкі. Наколькі я ведаю, у нас гэтым займаюцца так сама досыць даўно, але вось такога буму, як зараз, не назіралася. Апошнія год-два, з развіццём інтэрнэту гэта стала папулярным. Большасць майстроў прадаюць свае працы праз інтэрнэт, а не праз крамы ці з рук, зараз я магу казаць пра гэта вельмі дакладна. Праз ЖЖ-старонкі, вэб-старонкі…
– Ці ёсць знакамітыя майстры ў гэтай справе?
– Вядома, ёсць свае майстры, нават свае гуру. Ізноў – гэта ўсё заходнія майстры. Большасць – жанчыны, я нават не ведаю ніводнага мужчыны. Яны даюць майстар-класы, у тым ліку – міжнародныя. Былі ў Мінску аднойчы. Я на жаль не трапіла. Яны выкладаюць сапраўдныя тэхнікі, іх працы на ўзроўні твору мастацтва. Я не перабольшваю, гэта так.
– Усё пачалося з інтэрнэту… І дагэтуль ён твой памочнік?
– Так, я не ведаю, што б рабіла без яго. Напэўна, нічога і не было б. Там і майстар-класы, там можна пракансультавацца, запытаць нешта ў майстроў. Я праглядаю ЖЖ-суполку расейскую па палімернай гліне, там усе такія добразычлівыя людзі, якія табе дапамогуць, параяць нешта. У той жа час чамусьці ў беларускай суполцы handmade.by неяк усё сціпленька. Я адну і тую ж фотку выкідваю і туды і туды: у расейскай можа быць 6-8 каментароў, а ў беларускай толькі 1-2. У прынцыпе там усё, што заўгодна. Гэта вельмі добрая і зручная крыніца інфармацыі.
– Як у Беларусі ставяцца да хэнд-мэйду?
– Я думаю, што ў нас хэнд-мэйд выклікае мала цікаўнасці. Я маю на ўвазе, для нашага чалавека зараз няма розніцы, дзе набыць рэч, на рынку альбо ручной працы. Вядома, калі гэта не калекцыянер, а звычайны спажывец. Але рэчы, зробленыя ўручную, часцей, эксклюзіўныя. Яны адныя ў сваім выглядзе. Бываюць вельмі таленавіта выкананыя працы, вельмі цікавыя. Яны, вядома, стаяць на больш высокім узроўні, чым масавая вытворчасць. Кітайская, напрыклад. Другі плюс, што можна замовіць тое, што ты хочаш. Пад сваю новую сукеначку – новыя завушніцы, вельмі зручна. Гэта прыцягвае пакупнікоў.
– Лёгка набыць прылады для працы?
– Я ведаю ў Мінску толькі адну краму, дзе прадаецца пластыка. Там вялікі выбар і добрая якасць. А ў Гродна нават не ведаю месцаў, дзе гэта можна набыць. Інструменты сярэдняй якасці ёсць, а прафесійных не хапае. Что тычыцца фурнітуры, звычайных сплаваў шмат. Ёсць крамы і там вельмі добры выбар. Але некаторыя запытваюцца пра спецыяльную фурнітуру, таму шта маюць алергію на сплавы. І гэта праблема для мяне, трэба замаўляць у іншых краінах, што вельмі праблематычна.
– Як ты лічыш, чаму так складана знайсці штосьці для хэнд-мэйду ў нашай краіне?
– Адзінае, што прыходзіць у галаву, гэта складанасць у адкрыцці сваёй справы. Складанасць у праяўленні сваёй ініцыятывы. Я ведаю такую праблему, адну з магчымых прычынаў чаму ў нас немажліва здабыць фурнітуру, з напыленнем хаця б. Гэта тое, што ёсць закон, адпаведна якому каштоўныя металы маюць права рэалізоўваць толькі дзяржаўныя ўстановы.
– Ёсць выставы хэнд-мэйду ў нашай краіне?
– Большасць ладзіцца зноў жа ў ЖЖ-суполках, гаспадарамі крамаў. Але гэта так, на ўзроўні інтэрнэту. Прапаноўваюць высылаць фота сваіх вырабаў. Потым адбываецца галасаванне сярод наведвальнікаў сайту, і выбіраюць пераможцаў. Можна атрымаць каштоўныя для хэнд-мэйдэра прызы.
– Ты ўдзельнічала ў якой-небудзь выставе?
– Не, вось на фэсце маладзёвай журналістыкі будзе мая першая выстава. Вельмі хвалююся. Стараюся прадставіць больш матэрыялаў з рознымі тэхнікамі.
– Часта замаўляюць у цябе ўпрыгожанні?
– Даволі часта. Таму што пластыка зараз у модзе. Яна яркая, напярэдадні лета такія ўпрыгожванні будуць больш запатрабаванымі.
– Любы чалавек можа займацца хэнд-мэйдам?
– Гэта насамрэч не складана, з пункту гледжання тэхналогіі. Я думаю, перш за ўсё патрэбна цярплівасць, таму што патрабуецца шмат часу і ўвагі. Скапіраваць можа любы чалавек, калі ён будзе ведаць тэхніку. Складаней прыдумваць узоры, нейкія спалучэнні. Гэта, я думаю, патрабуе мастацкай жылкі.
– Ці былі ў цябе якія-небудзь незвычайныя замовы?
– Здараецца. Я часам раблю і думаю, як такое можна замовіць. Гэта, вядома, справа густу. Камусьці падабаюцца масіўныя рэчы і яркія кантрастныя колеры. Камусьці –сціплае і някідкае. Вось ёсць замова, я таксама здзівілася: завушніцы-грушы памерам 4 см. Адна з якіх павінна быць цэлай, а другая – разрэзаная на палову. Вельмі цікава іх рабіць, таму шта гэта нешта незвычайнае.
– Што плануеш рабіць далей?
– У планах паспрабаваць аформіць пластыкай бутэлькі, зрабіць іх дэкаратыўнымі, кшталту вазаў, і шкатулкі. Увогуле, з пластыкі можна рабіць розныя рэчы. Яшчэ – добры ўдзел у выставе, за які б не было сорамна.
Усім, хто зацікавіўся вырабамі Яны Марчук, пашанцуе ўбачыць іх на выставе, якая будзе праходзіць у дні фэсту маладзёвай журналістыкі. Адбудзецца і невялічкі майстар-клас для ўсіх зацікаўленых.
На здымках – працы Яны Марчук