Аматарам міфалогіі – забараняецца
Дзе мы маглі чуць прозвішча Пэтер’е? У чатырох фільмах да «Бітвы тытанаў». Цалкам прыстойны Дэні – ланцужны сабака, у Перавозчыку 1-2 і ў зносным фільме «Неверагодны Халк». Відавочна прадзюсарам «Бітвы тытанаў» спадабалася, як Халк пад кіраўніцтвам Пэтер’е кідаўся калонамі ў бібліятэцы. Калоны нагадваюць Грэцыю і іншую антычнасць, таму ў кінатэатр ішлося з надзеяй убачыць як мінімум разнос Афінскага Акропалю.
Фільм заяўляўся, як рэмейк карціны 1981 году з аднаіменнай назвай. Відавочна, 20 год таму людзі яшчэ калі-некалі чыталі міфы, перад тым, як здымаць на іх падставе кіно. Сёння, разам з грэчаскім героем Пярсеем у стужцы мы ўбачым драўляных джынаў, вайну багоў і людзей, скандынаўскага кракена і табун крылатых коней. Вядома, мы ішлі не на лекцыю па міфалогіі, а на 3D-экшн, з велізарнымі пачварамі і бясконцай разнёй.
Сюжэт фільму просты да немагчымасці, што здавалася б павінна было даць больш месца на розных кракенаў, пегасаў і скарпіёнаў. Жылі-былі тытаны, якіх, не гледзячы на назву, мы не ўбачым а ні разу, былі яны злымі і іхнія добрыя дзеці – богі вырашылі іх забіць. Аід стварыў кракена з мэтай вырашыць праблему пакаленняў. Усё атрымалася, толькі браты сталі ўладарамі нябёсаў і вады, а Аід, правярнуўшы такую аперацыю быў сасланы ў падземнае царства. Сумна было багам і стварылі яны людзей, каб тыя ім пакланяліся і насычалі такім чынам энергіяй. Але людзям надакучыў такі стан справаў і вырашылі яны падняць паўстанне. Як яны хацелі гэта зрабіць, – незразумела. Разбурылі адну статую, і што далей? Тут і з’яўляецца наш герой – Пярсей. Пакрыўджаны на ўсіх багоў, ён хоча адпомсціць за смерць бацькоў. Адначасова Аід плануе дзяржаўны пераварот на Алімпе, чаго сын Зеўса не дапусціць.
Бачна, што стваральнікі стужкі глядзелі крывавы экшн-300. Тыя ж самыя строі і банальныя дыялогі. Але калі спартанцы рэзалі персаў у капусту, хацелася пляскаць у далоні, ад пафасу і рэкаў крыві на экране. Бітва тытанаў-жа, не гледзячы на тое, што цягнецца толькі паўтары гадзіны, даволі часта выклікае жаданне выйсці папаліць, да наступнае сутычкі. На фільм паўплывала таксама трылогія Пітэра Джэксана, – пакуль невялічкі атрад ідзе прасіць парады ў Грайр, аператары з вінтакрыла паказваюць цудоўныя краявіды Ўэльсу і Канарскіх выспаў. Джыны, мала таго, што драўляныя, дык яшчэ і апранутыя як харадрымы з «Уладара пярсцёнкаў». Каб падкрэсліць падабенства, яны потым сядлаюць велізарных скарпіёнаў і ездзяць на іх па пустыні.
>
Акторская гульня ў фільме адсутнічае, як катэгорыя. Уорынгтан пэўна прызвычаіўся да таго, што недахоп пачуццяў дамалююць на кампутары. Можа рэжысёр не валодае англійскай на дастатковым узроўні, каб растлумачыць чаго ён хоча ад актораў? Калі Сэм дэманструе тыя ж самыя грымасы, што ён вывучыў у часе здымкаў «Аватару», то іншых актораў можна зразумець. Такое адчуванне, што ў арыгінале фільм павінен цягнуцца два разы даўжэй. Вось, нам паказваюць алімпійскі парламент. Адзін сказ агучыў Пасейдон, яшчэ нешта прамырмытаў Апалон. І… ўсё. Акрамя Зеўса і Аіда, богі ў фільме практычна не выступаюць. Пад канец паміж Пярсеем і Іо праблысківаюць нейкія пачуцці, але яны па-дурному абрываюцца праз некалькі хвілін. Альбо вось, героі прыходзяць у Аід, успамінаюць сваіх памерлых крэўных. Навошта, калі ўсе ўсё роўна загінуць і так з імі не пабачацца? Сумяціца і мешаніна, разбаўленая спецыяльнымі эфектамі.
Матывацыя персанажаў настолькі парадаксальная, што заслугоўвае асобнай размовы. Вось, цар Аргаса, замест таго, каб выратаваць горад, праз ахвяраванне сваёй дачкі (вядома, як цаніліся жанчыны ў Грэцыі) высылае ўсіх сваіх жаўнераў у колькасці дваццаці чалавек разам з Пярсеем у паход. У горадзе чамусьці пачынаецца голад, а тая дачка спакойна ходзіць сярод грамадзян, што патрабуюць яе смерці. Зеўс хоча адпомсціць людзям за бунт, але дапамагае Пярсею артэфактамі і крылатымі коньмі. А потым шчыра здзіўляецца, калі Аіду гэта не падабаецца. Джыны вырашаюць дапамагчы герою, але праз 10 хвілін адмаўляюцца ад гэтай ідэі. Вядома ж, айчыннаму гледачу на дапамогу ў зразуменні гэтага цырку прыйдзе прафесійны дубляж. Статуя Зеўса ў перакладзе становіцца Калосам (Калос Радоскі быў прысвечаны богу сонца Геліўсу). Там дзе Пярсей пытаецца пра сваё паходжанне, хлопчык, што чытае ягоныя словы, з гонарам кажа: «Я сын Зеўса!» і гэтак далей.
Надзея на тое, штo 3D і спецыяльныя эфекты выцягнуць фільм не апраўдалася. Ні пра якую глыбіню карцінкі не можа ісці гаворка. Яшчэ адно D заўважаецца толькі некалькі разоў. Ёсць дзве сцэны, дзеля якіх можна праглядзець фільм: бойка з велізарнымі скарпіёнамі і фінальная – з кракенамі. У прынцыпе галоўны злачынца – Аід, але яго Пярсей выносіць адным ударам, што не можа не расчароўваць.
Выснова. Аматарам грэчаскай (і не толькі) міфалогіі прагляд забараняецца, дзеля іхняга ж дабра. У кінатэатар не ісці ні ў якім выпадку. Купіце пірацкую плыту, там хоць могуць быць яшчэ некалькі добрых фільмаў.