У выбарах удзельнічала 80,6% выбаршчыкаў Гродзеншчыны

|

Не ўсе, хто прыйшоў на галасаванне, знайшлі сябе ў спісах, такім чынам, учора ў спісы выбаршчыкаў Гродзеншчыны былі дададзены 650 прозвішчаў.

Гэта найніжэйшая лічба па Беларусі, да прыкладу, у Брэсцкай вобласці “знайшлося” ажно 6232 выбаршчыка. Па ўсёй краіне ў спісах не значыліся 21385 чалавек.

Яўка выбаршчыкаў на выбары ў мясцовыя саветы 25 красавіка па Беларусі склала 79,1%, паведаміла Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Гэта на 0,1% менш, чым на мясцовых выбарах 2007 года.

На ўчасткі прыйшло 5.560.418 чалавек, якія маюць права голасу.

Найбольшая яўка зафіксавана ў Віцебскай вобласці — 90,9%. Далей ідуць Магілёўская вобласць — 85,7%, Гомельская — 84,4%, Мінская — 81,7%, Гродзенская — 80,6%, Брэсцкая — 78,7% і горад Мінск — 58,7%.

Сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік заявіў, што падчас датэрміновага і асноўнага галасавання не было зафіксавана парушэнняў, якія маглі б паўплываць на вынікі.

Паводле М.Лазавіка, гэта адзначалі як арганізатары выбараў, так і назіральнікі і самі кандыдаты ў дэпутаты.

Прадстаўнікі апазіцыйных партый з гэтым не згодныя.

Так, Рада гродзенскай арганізацыі Партыі БНФ прыняла рашэнне адмовіцца ад назірання за выбарамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў, патлумачыўшы гэта бессэнсоўнасцю: як сведчаць папярэднія выбарчыя кампаніі, назіральнікі не маюць магчымасці ажыццяўляць паўнавартаснае назіранне, а з’яўляюцца звычайнымі статыстамі пры падліку галасоў выбаршчыкаў.

Намеснік старшыні гродзенскай арганізацыі Партыі БНФ Максім Губарэвіч:

– У такой сітуацыі, калі нават не даюць паглядзець як падлічваюцца галасы, назіранне ператвараецца ў дзяжурнае, каб камісія бачыла, што за ёй назіраюць, і каб не дазваляла сабе грубых парушэнняў заканадаўства.

Паводле http://www.nn.by , http://racyja.by

Фота з сайта www.svaboda.org