Гродзенскія чыноўнікі да спілоўвання дрэваў не маюць дачынення?
На сустрэчы прысутнічалі 4 чыноўнікі, вёў яе начальнік гродзенскай гарадской інспекцыі па ахове навакольнага асяроддзя Андрэй Лубін, а таксама 8 прадстаўнікоў грамадскасці – краязнаўца Ігар Лапеха, біёлагі і журналісты.
Паводле акту, “Зелянбуд” прызнаў 8 акацый і 2 елкі каля Новага замку аварыйнымі, якія падпадалі спілоўванню. Што супрацоўнікі “Зелянбуду” і зрабілі, пакінуўшы толькі 1 акацыю і елкі. Чыноўнікі лічаць, што ўсё адбылося па закону – дрэвы спілавалі з-за іх нежыццяздольнасці. Аднак інспекцыя, якая гэта вызначала на месцы, зрабіла заключэнне ў адзін момант, выключна па знешнім выглядзе, што нерэальна, даводзілі біёлагі.
На думку Ігара Лапехі, трэба сфармаваць экспертную камісію з прафесіяналаў, людзей, якія не знаходзяцца ў структуры “Зелянбуда” і пры ацэнцы будуць клапаціцца пра званне прафесіяналаў, а не пра кан’юнктурныя інтарэсы фірмы.
– Мы агучылі гэтую ідэю, чыноўнікі адказалі, што трэба, каб грамадскасць звярнулася да гарадскога савета. Пазіцыя чыноўнікаў пасіўная, яны кажуць пра тое, што маюць вузкую кампетэнцыю, і таму не могуць адказваць. На мой погляд, чыноўнікі мусяць больш цікавіцца сваёй кампетэнцыяй. Наступная праблема ў тым, што ў горадзе ёсць шмат аб’ектаў, якія мусяць атрымаць статус помнікаў прыроды і ахоўвацца адпаведным чынам. Але зноў жа, чыноўнікі ў гэтым незацікаўленыя. Яны кажуць, што калі грамадскасць знойдзе грошы на даволі дарагую навуковую экспертызу, аформіць дакументы, то яны іх прымуць і зацвердзяць або не. Па закону, грамадскасць павінна папярэдне інфармавацца пра вырубку дрэваў, мусіць быць папярэдняе абмеркаванне. Чыноўнікі здымаюць з сябе гэтую кампетэнцыю – гэта павінны рабіць заказчыкі, то бок тыя ўстановы, якія замаўляюць таму ж “Зелянбуду” спілоўваць дрэвы – рабіць аб’явы, сходы і абмеркаванні. У выпадку з вырубкай дрэваў каля Новага замка закон якраз парушаны – дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея не праінфармаваў і не абмеркаваў вырубку акацыяў, тым больш у такім месцы.
Чыноўнікі пагадзіліся, што парушэнне было, але пакарання па ўсім відаць ніякага не будзе.
На пытанне грамадскасці, чаму сустрэча па абмеркаванні спілаваных акацыяў ладзіцца пасля, а не папярэдне, чыноўнікі адказалі, што гэта не з’яўляецца магчымым. Большасць зададзеных грамадскасцю пытанняў засталася без дакладных адказаў – чыноўнікі толькі прыводзілі артыкулы беларускага заканадаўства.
Здымак Яўгена Бузука