Стварай дзіва сваімі рукамі

– Як ты пачала займацца шыццём лялек, цацак і чаму менавіта такое хобі сабе абрала?

– З дзяцінства люблю вышываць, шыць. Цяпер знаходжуся ў водпуску па доглядзе за дзіцём, што ўласна дало магчымасць шчыльней заняцца сваім хобі і перавесці яго на больш прафесійны ўзровень. Дэкрэт – гэта час, які прысвечаны цалкам сям’і і сабе, таму гэта добрая глеба для творчасці і самаразвіцця. Многія са мной не пагадзяцца, але для мяне гэта так.

– Можа ёсць яшчэ якія-небудзь захапленні?

– Крыху ляплю з пластыкі, вывучаю карты таро, захапляюся сярэднявечнай культурай.

 

– З якімі цяжкасці сутыкаешся ў часе працы?

– Недахоп добрых матэрыялаў. У нашым горадзе, на жаль, вельмі маленькі выбар розных матэрыялаў, таму прыходзіцца часта замаўляць у Мінску, або нават за мяжой.

>

– Колькі часу патрабуецца для пашыву адной цацкі?

– Гледзячы якой… Цацкі розныя. Адну можна пашыць за палову дня, з іншай тыдзень «важдаешся». Вялікія вышыўкі робяцца наогул некалькі месяцаў.

 

– Якія матэрыялы ты выкарыстоўваеш? Самыя распаўсюджаныя?

– Лён, бавоўна… У большасці выкарыстоўваюцца натуральныя матэрыялы. І вельмі разнастайная фурнітура – гузікі, пацеркі, стужкі, карункі, фарбы па тканіне…

 

– Можа ў вас ёсць зробленая вамі любімая цацка?

– Такая цацка існуе ў маёй галаве. Ёсць пара задумаў, якія я мару ажыццявіць, але пакуль не змагла ці не паспела..

– Якія цацкі карыстаюцца большым «попытам» у сябраў ці іншых людзей?

– У мяне ёсць лялька – «Сонны анёл». Многія замаўляюць яе для сваіх дзетак, каб навяваў ім добрыя сны.

 

– Вы неяк плануеце звязаць сваё жыццё ў далейшым з вырабам цацак? Ці гэта так і застанецца толькі хобі?

– Думаю, што гэта хобі, якое будзе прысутнічаць у маім жыцці яшчэ вельмі доўга.