Camel лёгкі, калі ласка
Пытаецеся, як? А вось наступным чынам.
– Camel лёгкі, калі ласка, – з такой просьбай звярнулася семнаццацігадовая дзяўчынка Каця да прадавачкі кіёску. Праўда, было Каці трохі нязручна купляць папіроскі, бо не курыць (чаго і астатнім жадае). Але гандлярцы, якая не ведала ці поўналетняя купляе ў яе Camel лёгкі, нязручна дакладна не было.
У адказ на просьбу прадаць цыгарэты са словамі «калі ласка» рука працягвала гэты самы Camel лёгкі. І пасля надыходзіў той самы момант нязручнасці, момант выкрыцця і Каці , і гандляркі. «Дзень добры, я карэспандэнт інтэрнэт-газеты «Твой стыль». Чаму вы не спыталіся, ці ёсць мне 18 год, перад тым, як прадаваць цыгарэты?», – прыкладна так выглядала «выкрыццё».
А ў адказ – цішыня…
Большасць апраўдвалася, даючы нашай Кацюшцы 18 год (пры гэтым нават не паглядзеўшы на твар пакупніка), хтосьці жаліўся, што праца такая. Мол, спрабуй запытайся, ці паўналетні, дык потым на ўвесь дзень настрой будзе сапсаваны. Шчыра кажучы, не вельмі прыемна было слухаць дзяўчыне, як аўпраўдваліся нашыя прадаўцы…
З адзінаццаці кіёскаў, якія знаходзіліся ў розных раёнах нашага гораду, не было ні воднага, дзе б не згадзіліся прадаць мне Camel лёгкі. Выходзіць, у той час, як у газетах пішуць аб шкодзе палення, а па тэлебачанні круцяць ролік са смелымі словамі: «Чужых дзяцей няма», працоўныя кіёскаў спакойна прадаюць цыгарэты, нават не цікавячыся ўзростам пакупнікоў.
Сярод шапікаў, якія я наведала ў часе «рэйду», былі і тыя, што належаць да БелСаюзДруку. Як паведаміў нам начальнік участку па горадзе Гродна, Міхаіл Варанко, спецыяльнага кантролю яны не праводзяць. Калі прадавец пачынае працу, яго папярэджваюць аб нелегальнасці продажу цыгарэт непаўналетнім асобам. У выпадку паступлення скаргі БелСаюзДрук рэагуе і карае работніка кіёску.
Застаецца толькі спадзявацца на сумленне прадавачкі. Па выніках нашага вопыту, не ва ўсіх яно ёсць. Менавіта не ва ўсіх. Не будзем мераць усіх адной мерай, бо напэўна ёсць і тыя, хто папросіць пашпарт, калі ўзнікнуць сумневы ў паўналетнасці пакупніка. Адзін з прыкладаў прывёў начальнік участку. Па словах М. Варанко, некалькі год таму раз’юшаныя хлопцы падпалілі кіёск БелСаюзДруку, за тое, што прадавачка адмовілася даць ім цыгарэты.
Кантралююць рэалізацыю тытунёвых вырабаў і праваахоўныя органы. Па словах начальніка прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама падпалкоўніка міліцыі Георгія Яўчара, міліцыя з’яўляецца ініцыятарам штомесячных рэйдаў у крамы і шапікі ва ўсіх раёнах вобласці. Акрамя гэтага, як паведаміў спадар Георгій, інспектар у час паўсядзённай службы таксама звяртае ўвагу, напрыклад, праходзячы каля шапіка, што і каму прадаецца. Вымалёўваецца вельмі прыгожая карцінка… Здавалася б, што з такім кантролем праблем быць не павінна. Але ж на вуліцы ўсё часцей сустракаецца моладзь, а нават і дзеці, з папяроскай у руках.
Як дадаў начальнік прэс-службы, праблема ў самасвядомасці… індывідуальных прадпрымальнікаў, якія нярэдка думаюць толькі аб прыбытку.
А можа праблема яшчэ і ў тым, што ў часе рэйдавых мерапрыемстваў распаўсюджанню тытунёвых вырабаў надаецца мала ўвагі? Як сказаў Георгій Георгіевіч, акцэнт больш ставіцца на кантроль за продажам алкаголю. Аргументаваў спадар Георгій гэта тым, што большасць злачынстваў чалавек стварае ў нецвярозым стане, а не пасля скуранай цыгарэты. Так жаж яно так. Толькі акрамя «злачынцаў» ёсць непаўналетняя моладзь і дзеці, якіх кожны дзень можна ўбачыць за вуглом з цыгарэтай.
Я не кажу пра тое, што праблема палення моладзі, гэта праблема толькі прадаўцоў ці міліцыі. Не. Я кажу толькі пра тое, што існуе (ці дэкларуецца?) «закон» – не прадаваць непаўналетнім, але ён не выконваецца.