КАЛЯДНЫ ЎСПАМІН

| Без катэгорыі

Чаму групка энтузіястаў пераапранаецца ў касцюмы калядоўшчыкаў і выходзіць на вуліцы горада? Няўжо ім няма чым заняцца?

Адказы на гэтыя пытанні я спрабаваў пашукаць у сабе самым, бо ўжо другі год запар актыўна далучаюся да групы калядоўшчыкаў. Каляды − адна з лепшых магчымасцяў нагадаць жыхарам гораду пра цудоўныя беларускія традыцыі і багатую культуру. У справе калядавання чалавекам кіруе перш за ўсё жаданне пасеяць у душах гараджан зерне беларускасці, паказаць прыгажосць роднай мовы, разбурыць стэрэатыпы пра тое, што чалавек, які размаўляе на беларускай мове − гэта БНФ-авец, апазіцыянер, каторы за грошы працуе на карысць «дзядзі Сэма».

Далёка не апошнюю ролю адыгрывае і жаданне стварыць святочную атмасферу не толькі для сябе, але і для тых гарадзенцаў, якія за сваімі штодзённымі справамі ніяк гэтай атмасферы не адчуваюць, пра што яскрава сведчаць панурыя выразы іх твараў. Збольшага калядоўшчыкам удаецца ўзняць настрой грамадзян. Калі заходзіш у кватэры, то спачатку бачыш разгубленыя твары гаспадароў і іх вочы, каторыя яшчэ не разумеюць, што адбываецца, і хто гэтыя людзі, якія стаяць на парозе іх дома, але вельмі хутка сітуацыя мяняецца: разгубленасць змяняецца весялосцю, на тварах з’яўляюцца ўсмешкі, а некаторыя з гаспадароў і ўвогуле далучаюцца да калядных спеваў.

Самае запамінальнае, калі бачыш, як людзі проста на вачах змяняюцца, зараджаюцца аптымізмам, а потым дзякуюць табе за такую прыемную і так патрэбную для іх нотку весялосці, каторую яны атрымалі за пару хвілін каляднага выступу. Такія моманты дадаюць табе бадзёрасці і ўпэўненасці, яны пераконваюць цябе ў правільнасці тваіх дзеянняў. А як прыемна бачыць радасны настрой звычайных мінакоў на вуліцах, якія, ўбачыўшы групу пераапранутых «дзядзек і цётак» дастаюць з кішэняў мабільныя тэлефоны і пачынаюць фатаграфаваць гэтакае «дзіва», альбо адразу тэлефануюць блізкім і ў парыве задавальнення хуценька апавядаюць пра ўбачанае. Нельга абмінуць увагай і аўтамабілістаў, каторыя ў знак пашаны і салідарнасці сігналяць табе ўслед. Усё гэта дае табе такі вялікі стымул і задавальненне, што на наступны раз ты ўжо без ваганняў бярэшся за гэтую справу, і няважна, што адзін святочны вечар ты не пабудзеш дома, затое прынясеш шмат станоўчых эмоцый тым людзям, з якімі жывеш у адным горадзе, вучышся ў адной школе, або працуеш на адным прадпрыемстве…