Гарадзенец Аляксандр Мілінкевіч ідзе ў прэзідэнты

|

Як паведамляе афіцыйны сайт палітыка, у краіне неабходна вярнуцца да справядлівых, празрыстых выбараў і сапраўднага мясцовага самакіравання, забяспечыць свабоду сродкаў масавай інфармацыі.

У эканоміцы першачарговымі задачамі будуць прыцягненне інвестыцыяў, празрыстая бюджэтная палітыка, падтрымка прыватнага бізнесу, выкарыстанне транзітнага патэнцыялу, энергазберагальная палітыка, эфектыўная сельская гаспадарка.

Аляксандр Мілінкевіч паабяцаў таксама пашырэнне магчымасцяў еўрапейскай адукацыі для беларускай моладзі, рэформу жыллёва-камунальнай гаспадаркі і медыцыны, пенсійнага забеспячэння.

>

Аляксандр Мілінкевіч разам са сваёй жонкай Інай Кулей напярэдадні абвяшчэння пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах.

 

Знешняя палітыка будзе накіравана на інтэграцыю Беларусі ў Еўрапейскі Саюз, усталяванне празрыстых, добрасуседскіх адносінаў з Расіяй і курс на пабудову нейтральнай дзяржавы.

У час брыфінгу для журналістаў лідэр Руху “За Свабоду” паведаміў, што мае  намер выкарыстаць усе магчымыя сродкі негвалтоўнага ціску на ўлады, каб дамагчыся ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах.

Паводле лідэра Руху “За Свабоду”, калі ўлада не забяспечыць празрыстасці выбараў, народ выйдзе бараніць свой выбар на плошчу і абавязкова здабудзе перамогу.

Прадстаўнікі Гарадзеншчыны бралі ўдзел ва ўсіх прэзідэнцкіх кампаніях у Беларусі.

У 1994-м г. адным з апанентаў Аляксандра Лукашэнкі быў кіраўнік Гарадзенскай вобласці Аляксандр Дубко.

У 2001-м г. амаль да канца прайшоў выбарчую кампанію Сямён Домаш, які ў апошні момант зняў сваю кандыдатуру на карысць іншага апазіцыйнага кандыдата Ўладзіміра Ганчарыка.

У 2006-м г. кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах быў Аляксандр Мілінкевіч.

 

Даведка “Твайго стылю”

Аляксандр Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне ў сям’і заслужанага настаўніка БССР. Скончыў з чырвоным дыпломам фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я.Купалы (1969), аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР па спецыяльнасці  “Фізічная электроніка, у тым ліку квантавая” (1972) і працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у тым жа інстытуце (1972-76). Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.

Працаваў у Гарадзенскім дзяржаўным ўніверсітэце, а таксама ва ўніверсітэце алжырскага горада Сеціф (1980-84).

Арганізатар рэстаўрацыі  аднаго з найстаражытнейшых у Еўропе вежавых  гадзіннікаў – ратушнага гадзінніка ў Гродне.

Быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама, дзе займаўся пытаннямі адукацыі, культуры, рэлігіі, аховы здароўя, СМІ, міжнародных адносінаў, спорта, моладзі і аховы гістарычнай спадчыны (1990-96).

Узначальваў шэраг грамадскіх арганізацый.

Старшыня Руху “За Свабоду” (з 2006 г.).

Жанаты, мае двух сыноў і ўнучку.

 

Фотаздымкі: by.milinkevich.org