100-гадовы юбілей Апанаса Цыхуна
Даведка для малодшага пакалення і тых, хто яшчэ не знаёмы з нашым земляком: Апанас Пятровіч Цыхун нарадзіўся 5 траўня1910 ў в. Кунцаўшчына, ён – аднагодак Ларысы Геніюш і сусветнавядомага акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі беларуса Барыса Кіта. З ім А. Цыхун ліставаўся, а Барыс Кіт, дарэчы, дажыў да свайго юбілею. Вёска Кунцаўшчына знаходзіцца побач з вёскай Лаша – радзімай іншага вядомага ў Еўропе беларускага акадэміка Яўхіма Карскага. Менавіта дзякуючы Апанасу Цыхуну імя акадэміка Карскага стала больш вядома ў другой палове ХХ стагоддзя шырокай грамадскасці і ў Беларусі. Дзесяткі гадоў жыцця Апанас Пятровіч прысвяціў вывучэнню і папулярызацыі спадчыны Карскага: мы маем у Гродна вуліцу Карскага, абласную бібліятэку і гімназію № 1 імя акадэміка, музей і нават стыпендыі Карскага. Чаго не хапае? Добрага помніка Я. Карскаму. Але няма Апанаса Цыхуна, ён бы паклапаціўся…
На прыкладзе нялёгкага жыцця Апанаса Пятровіча мы можам «убачыць» тыя выпрабаванні, праз якія прайшлі заходнебеларускія інтэлігенты ў ХХ стагоддзі. Ён амаль усё жыццё збіраў матэрыялы і пісаў краязнаўчыя артыкулы пра людзей, з якімі сутыкаў яго лёс (беларусаў, рускіх, палякаў, татараў, цыганаў, жыдоў і іншых). Але кнігі яго сталі выходзіць, калі аўтару мінула 80 гадоў і да 94 гадоў у Апанаса Пятровіча выйшла 5 кніг.
Першая – пра акадэміка Я. Карскага. Другая – «Скарбы народнай мовы», пра якую народны паэт беларусі Ніл Гілевіч у «Народнай газеце» за 13.11.1996 г. у вельмі эмацыйным артыкуле «Навуковы і патрыятычны подзвіг настаўніка» не шкадаваў самых цёплых слоў у адрас Апанаса Пятровіча.
Калі аўтару споўнілася 93 гады пад рэдакцыяй А. Вашкевіча выйшла апошняя пятая прыжыццёвая аўтабіяграфічная кніга «Пройдзеныя шляхі-пуцявіны». Да 100-гадовага юбілею А. Цыхуна была падрыхтавана наступная кніга, заснаваная на яго матэрыялах. Магчыма, хутка мы яе ўбачым. А. Цыхун быў добра знаёмы з Васілём Быкавым, Янкам Брылём, Нілам Гілевічам, бацькам алімпійскай чэмпіёнкі Вольгі Корбут, падтрымліваў добрыя зносіны з актывам нацыянальных меншасцяў Гарадзеншчыны, пісаў пра іх краязнаўчыя артыкулы.
Ён выдатна спяваў, граў на скрыпцы, чытаў на памяць у 94 гады свае вершы, быў добрым пчаляром, арганізатарам розных культурных ініцыятываў. У яго было шмат сяброў розных пакаленняў, якія прыходзілі да яго ў невялічкую хатку на вуліцы Берталя. Больш як 15 гадоў пасля смерці жонкі Апанасу Пятровічу давялося жыць аднаму, але гасцей ён заўсёды сустракаў з радасцю. Сустракаў са сваім сябрам – сабачкай Жучкай, якой нават прысвяціў верш…
Прысутныя на святкаванні юбілею ўзгадвалі розныя выпадкі з жыцця Апанаса Пятровіча, чыталі яго вершы, размаўлялі аб сутнасці і творчасці гэтага чалавека, аб пройдзеным ім творчым шляху.