Хавайся ў бульбу, дай дарогу
А каб да яе дабрацца, арганізатары пусцілі маршрутнае таксі ад кінатэатру «Кастрычнік». Але людзей на прыпынку было так шмат, што некаторыя ад’язджалі толькі на другой, а то і на трэцяй машыне. Перад уездам на турбазу стаялі супрацоўнікі ДАІ, якія, дарэчы, правяралі не толькі маршруткі (ці не едзе хтосьці стоячы), але і кіроўчыя пасведчанні байкераў. Радавала толькі тое, што дарога ў адзін бок займала 10 – 15 хвілін.
Дабраўшыся да запаветнай турбазы, адразу губляешся – куды падацца. Ці то пайсці ў бок сцэны і паглядзець канцэрт, ці то пасядзець за столікам і паесці шашлыкоў. Альбо наогул наведаць розныя атракцыёны. Напрыклад, пакідаць мячыкі ў піраміду з кубікаў, дзе асабліва трапныя маглі выйграць некалькі бутэлек шампанскага. Але людзі ішлі сюды не за шампанскiм.
Такой колькасці разнастайных матацыклаў кожны дзень не ўбачыш. Тут было ўсё, што толькі можна сабе ўявіць. І савецкая «Ява», і сучасныя Honda, Suzuki, Harley-Davidson, і нават легендарныя BMW R-4, на якіх яшчэ ў Другую Сусветную вайну нямецкія салдаты рассякалі прасторы Еўропы. Ды вось трапіць на стаянку маглі толькі байкеры, арганізатары і прэса. Астатнім уваход быў строга забаронены. Але ўбачыць цуды тэхнікі не складала ніякіх цяжкасцяў. Усё было выдатна відаць і з-за агароджы. Ды і на другі дзень фэсту некаторыя «маторы» стаялі побач з жылымі памяшканнямі, і кожны жадаючы мог сфатаграфавацца каля ўпадабанага матацыклу.
– Вы толькі не абапірайцеся на іх, – прасілі байкеры. – А то яны стаяць занадта блізка адзін да аднаго. Калі зваліцца адзін, вы сабе ўяўляеце, якое даміно атрымаецца?
Уволю нагледзеўшыся на матацыклы, адпраўляешся ў бок сцэны. Адразу відаць, што для таго, каб выступіць, гурты прайшлі строгі адбор. Тут не было слабых музыкаў. «J:МОРС», «Крамбамбуля», «Адыс-Абеба» і яшчэ цэлая каманда выдатных беларускіх рок-гуртоў, якія не пакінулі раўнадушным ніводнага чалавека. Па ўсёй тэрыторыі турбазы былі расклееныя праграмкі, у якіх быў пазначан час выступу гуртоў. Адпаведна кожны мог паслухаць тое, што яму больш па душы. Але культурная праграма не абмяжоўвалася рок-канцэртам. У яе таксама ўвайшлі танцы, відэасалон, футбол, файер-шоў і паказальны выступ атрада спецназу, які разбіваў аб свае часткі цела ўсё, што толькі магчыма.
А колькі там было байкераў! Тут вам і Беларусь, і Расія, і Польшча і яшчэ велізарная колькасць краін. Бо для сапраўднага байкера ў жыцці галоўнае – дарога. І чым далей яна завядзе, тым лепш. Між тым, фэст дзівіў не толькі сваім міжнародным маштабам, колькі амплітудай узросту ўдзельнікаў. Тут можна было ўбачыць як і гарадзенскіх 3-гадовых дзяцей са сваімі бацькамі, так і «старэнькіх» 65-летніх барадатых дзядуляў-байкераў.
Фота prosto_free