Другакласніца з Азёр атрымала тытул «міні-міс»

Зладзіла конкурс культарганізатар Азёрскага цэнтру культуры Святлана Заерка: – Ідэя конкурсу нарадзілася, калі я ўбачыла дзіцячыя сукенкі ў вясельным салоне. У вясковых дзетак мала святаў, вось і захацелася, каб дзяўчынкі адчулі сябе прынцэсамі.

 

Конкурс спансіравалі вясельны салон, які забяспечыў ўдзельніц шыкоўнымі ўборамі ды аксэсуарамі і гарадзенскае прадстаўніцтва адной касметычнай кампаніі.

 

Наколькі небяспечным для дзіцячай псіхікі можа быць такі конкурс я папарасіла пракаментаваць старэйшага выкладчыка факультэта псіхалогіі ГрДзУ імя Янкі Купалы Аляксандра Калышка:

 

– Усё залежыць ад таго, як быў арганізаваны конкурс. Калі ні воднае дзіця не засталося без адзнакі – хтосьці за прыгожую паходку, хтосьці за ўменне сябе трымаць на публіцы і г.д. То чаму не? Чаму не пахадзіць дзяўчынкам па сцэне ў прыгожых сукенках і фрызурах. Разам з тым, любы конкурс выяўляе пераможцаў і тых, хто прайграў. Але ў адзнацы «дзіцячай прыгажосці» тых, хто прайграў не павінна быць. Любое дзіця прыгожае, асабліва для сваіх бацькоў. Дарэчы, многа залежыць ад іх і ад навакольных. Бо наперадзе ў дзяўчынак – падлеткавы ўзрост з яго фізіялагічнымі праблемамі. І тая, што ўчора была «міс» на некаторы час можа ператварыцца ў «гадкае качаня» і атрымаць найцяжкую псіхалагічную траўму… Першым чынам такія конкурсы павінны быць гульнёй, да іх нельга ставіцца сур’ёзна.

Малюнак www.hellokittymagazine.ru