Сяргей Гурэнка больш не трэнер мінскага “Дынама”
Гаспадар мінскага “Дынама”, вядомы прадпрымальнік Юрый Чыж змяняе трэнераў сваёй каманды як пальчаткі, але жадаемага выніку – залатых медалёў чэмпіянату краіны, так і не можа дасягнуць.
На шляху амбітных планаў Чыжа ўвесь час паўстае барысаўскі БАТЭ.
Вось і ў апошнім туры чэмпіянату краіны сталічная каманда саступіла барысаўцам на сваім полі з лікам 0-1.
Цяпер БАТЭ ўпэўненна лідыруе ў чэмпіянаце, апярэджваючы “Дынама” на 7 ачкоў.
Заяву пра звальненне Гурэнка напісаў праз дзень пасля гульні з барысаўскім клубам.
Праца з “Дынама” была першым трэнерскім досведам Сяргея Гурэнкі.
У мінулым сезоне каманда пад яго кіраўніцтвам стала срэбным прызёрам чэмпіянату.
На здымку: Сяргей Гурэнка (злева) у час нядаўняй сустрэчы ў Гродне паміж “Нёманам” і “Дынама”.
Фота Яраслава Ванюкевіча