Польшча будзе дамагацца адмены візаў для беларусаў
Як паведамляе польская “Жэч Паспаліта“, 31 траўня ў Растове адбудзецца паседжанне камісіі “Еўразвяз-Расія”, на якім кіраўніцтва Еўразвязу прадставіць сваё бачанне шляху да скасавання візавага рэжыму для грамадзян Расіі.
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў польскім журналістам, што Польшча будзе дамагацца скасання візаў і для іншых краін, якія ўдзельнічаюць у Праграме Ўсходняга Партнёрства, у тым ліку – Беларусі.
Паводле дадзеных польскага Фонда імя Стэфана Баторага, пасля ўваходжання Польшчы, Літвы і Латвіі ў Шэнгенскую зону, колькасць візаў, выдадзеных беларусам для ўезду ў краіны Еўразвязу катастрафічна зменшылася.
Толькі ў польскіх консульствах у Беларусі гэтая лічба зменшылася на 73%.
На здымку: пасля ўвядзення сёлета працэдуры электроннага запаўнення заяваў на атрыманне візы людзей ля польскага консульства ў Гродне паменела.