Геаметрыя трох народаў

На ім нанесены абрыс мапы Беларусі і дзве кропкі: Мінск і Лапаты. А побач стаіць указальнік «Геадэзічная дуга Струвэ».

Я заўважыла гэта толькі на мінулых выходных, калі ездзіла да дзядулі. Ён і распавёў мне пра гэты цуд у суседняй вёсцы. Літаральна пару хвілін на машыне па асфальтаванай дарозе Шчучын – Жалудок, і мы на месцы. А вось і чорны мармуровы пастамент, дзесьці 1,5 метры ў вышыню, каля яго шыльда, а за ёй нейкі іржавы геадэзічны аб’ект. Кругом пазелянеўшыя ўсходамі палі, якія аддзеленыя ад шашы лістоўніцамі – нетыповым дрэвам для гэтых мясцінаў. А так, здаецца, больш нічога адметнага і не відаць на першы погляд.

Што ж гэта за дуга такая і чым адметная? На стэле напісана, што геадэзічная дуга Струвэ ўключаная ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2005 годзе як выключны прыклад міжнароднага навуковага супрацоўніцтва для дакладнага вызначэння памеру і формаў Зямлі. «Ой, нічога, напэўна, цікавага, – падумала я, – ўсяго толькі з 2005 году». Але дзядуля нешта гаварыў пра мерыдыян, які праходзіць менавіта тут, і што вынайдзены ці вымераны ён пасля вайны з французамі.

Аказваецца «Дуга Срувэ» ці Руска-Скандынаўская дуга – самае доўгае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяну, праведзенае наземнымі даследчыкамі да ХХ ст. Выканана яно больш за 200 гадоў таму «геаметрамі трох народаў» пад кіраўніцтвам прафесара астраноміі і геадэзіі Дзерптскага (цяпер Тартусскага) універсітэту Фрыдрыха Георга Вільгельма (Васіля Якаўлевіча) Струвэ. У вымярэннях браў удзел і наш зямляк Іосіф Іванавіч Хадзько.

 

У выніку было закладзена 258 геадэзічных пунктаў на тэрыторыі 10 дзяржаў (ад Нарвегіі да Малдовы), у тым ліку ў Беларусі – 30. Такім чынам Дуга Струвэ – гэта дуга мерыдыяну 25о 20 ‘ (больш за 2820 км), складзеная з сеткі з 258 трохвугольнікаў, уяўляючых сабой ланцужок закладзеных у зямлю каменных кубоў памерам 2 на 2 метры, выбудаваныя з поўначы на поўдзень.

>

Апорныя кропкі адзначалі па-рознаму: жалезнымі крыжамі, пірамідамі з камянёў, абеліскамі, цэглай з пясчаніку і г.д. Многія з іх страчаныя, у Спіс ЮНЕСКА ўвайшлі толькі 34 кропкі, дзве ў Расіі, адна ў Малдове, чатыры ва Ўкраіне і ажно пяць у Беларусі (Асоўніца, Чакуцк, Лясковічы Брэсцкай вобласці, Тупішкі і Лапаты Гродзенскай вобласці).

 

У наш час Дуга Струвэ разглядаецца як адна з важнейшых падзей у развіцці сусветнай астраноміі, геадэзіі і картаграфіі. Па выніках вымярэння Рускай дугі мерыдыяну ў 1834 годзе Ф.В. Бесель вызначыў велічыню элементаў зямнога эліпсоіда. Гэта вымярэнне стала састаўной часткай фундамента нашых сённяшніх ведаў.

Цікава, што ў розных краінах гэтыя кропкі сапраўды сталі славутасцямі, па іх праходзяць турыстычныя маршруты. На жаль, у нас пакуль толькі абеліскі засталіся. А побач – выміраючыя вёскі. Да слова: побач з Лапатамі, крыху недаязджаючы да «Геадэзічнай Дугі Струвэ» ёсць старыя могілкі канца Х1Х – пачатку ХХ стст., а на іх – помнікі, высечаныя з суцэльнага каменю ў форме ссечанага сукаватага дуба з прышпіленай шыльдачкай-граматай.