Як змагаўся «Джордж Буш» з «Кітаем»

Пасялілі нас у двухпавярховым агракатэджы, дзе і адбываўся трэнінг. Расклад быў вельмі шчыльным, і мы амаль адразу пачалі займацца.

 

Нас чакалі такія тэмы як «Змена клімату», «Магчымыя шляхі развіцця свету», «Асноўныя прылады экалагічнага актывіста». І амаль на кожнай тэме ўзнікалі такія спрэчкі, што кіраўнікам прыходзілася не раз нас перарываць і пераводзіць гутарку ў патрэбны накірунак.

 

Асаблівую цікавасць выклікала Капенгагенская канферэнцыя. Настаўнікі прапанавалі нам на час стаць прэзідэнтамі тых або іншых краін і паспрабаваць самім дамагчыся аднагалоснасці ў працягу Кіётскага пратаколу (адпаведна гэтага пратаколу ўсе краіны, якія падпісалі дамову, абавязваліся знізіць выкіды СО2). Некалькі першых хвілін удзельнікі прывыкалі да «новых пасадаў». Нарэшце, адчуўшы сябе прэзідэнтамі, разгарнулі такія дэбаты, што перапыніць іх ніякім чынам і нікому не ўдалося. «Джордж Буш» паводзіў сябе так напышліва і нахабна, што яму недвухсэнсоўна намякнулі, што не толькі ў ЗША ёсць ядзерная зброя… «ААЭ» патрабавалі грошай за падпісанне дамовы, а «Кітай» наогул адмовіўся падпісваць, пакуль яму не дадуць «чыстыя тэхналогіі» і сродкі на пераабсталяванне заводаў.

 

Яраслаў Бекіш, адзін з кіраўнікоў школы, па заканчэнні дэбатаў сказаў: «Вы дамагліся значных вынікаў… Ніфіга не падпісалі». Затое на сваёй скуры адчулі, як неверагодна складана адхіліўшы інтарэсы «сваіх» краін выпрацаваць нешта на карысць усяго свету.

 

На наступны дзень мы вывучалі Орхускую канвенцыю – асноўную прыладу актывіста. Беларусь – адна з першых краін, якая падпісала гэтую канвенцыю, і вывучэнне яе асноў уваходзіла ў абавязковую праграму трэнінгу.

 

Ці запазычылі мы нешта з гэтых заняткаў? Адназначна – так. Я даведаўся пра арганізацыю «Зялёная сетка», зразумеў, як можна спыніць рост экалагічнага крызісу і збіраюся прытрымлівацца парадаў, якія нам прапанавалі. Трэнінг першага ўзроўню будзе праходзіць яшчэ і 28-29 траўня і, своечасова запоўніўшы анкету, вы можаце туды трапіць.