Краіна за люстэркам

– Тут гуляюць у шахматы! Увесь гэты свет – шахматы! Гэта адна вялізная партыя. Ой, як цікава! І як бы мне хацелася, каб мяне прынялі ў гэтую гульню! Я нават згодна быць Пешкай, толькі б мяне ўзялі…

 

Усім вядома, што 2010 год аб’яўлены Годам якасці. Магчыма, пад гэтую марку ў сакавіку бягучага году ва ўсе школы краіны прыйшоў «План мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі…».

 

Азнаёміўшыся з «Планам…», я, маладая, наіўная, захопленая ідэямі нацыянальнага адраджэння настаўніца, вельмі ўзрадавалася: нарэшце дзяржава адумалася, і ў нас, настаўнікаў, з’явіцца больш магчымасцяў далучаць дзяцей да беларускасці. Аднак мой пыл стрымалі больш дасведчаныя калегі са стажам. Большасць з іх лічыць, што гэта яшчэ адна планка, якую трэба пераадолець дзеля паказчыкаў. Дзяржава такім чынам паказвае, што яна зрабіла крок насустрач патрабаванням народа, але, як гэта ў нас водзіцца, пасля правяраюцца не якасныя, а колькасныя паказчыкі. Маўляў, прыйдзе праверка ў школу ці садок і будзе гартаць журналы і іншую дакументацыю, дзе павінны быць запісаны праведзеныя мерапрыемствы.

 

І сапраўды, план прыйшоў у сакавіку, нібыта ўжо ўсё распісана, але нічога не робіцца. Ды і як яму рабіцца?! Ці існуюць у нашай краіне тыя ўмовы, якія адпавядаюць заяўленаму ў «Плане…»? Я вырашыла паразважаць над гэтым, прайшоўшыся па некаторых тэзісах «Плану…».

 

Праводзіць рэкламна-інфармацыйную работу па прапагандзе беларускай літаратуры і мовы праз арганізацыю кніжных выстаў, прэм’ер кніг, прэзентацыю новых твораў, сустрэч з пісьменнікамі і інш.

Дадзены тэзіс ужо загадзя правальны. Немагчыма ладзіць кніжныя выставы, калі кнігі не карыстаюцца попытам у чытача. Чытанне зараз не ў модзе. Навошта школьнікам напружвацца і чытаць вялікі твор, калі можна пазнаёміцца са зместам у скарочаным тэзісным варыянце. Трэба напісаць сачыненне. Калі ласка! Інтэрнэт – лепшы сябра, таварыш і брат амаль кожнага школьніка. Уводзіш тэму сачынення і маеш гатовы тэкст.

 

Застаецца толькі перапісаць, бо, на жаль, друкаваныя варыянты ў школе пакуль што не прымаюцца. Па гэтай жа прычыне немэтазгодна прэзентаваць новыя кнігі і сустракацца з тымі пісьменікамі, пра якіх вучні нават не чулі або імёны якіх не на слыху. Ды і з якімі пісьменнікамі ладзіць сустрэчы? З дзяржаўнага ці недзяржаўнага Саюзу пісьменнікаў?

 

Пашырыць магчымасці далучэння школьнікаў да духоўных каштоўнасцяў беларусаў праз наведванне краязнаўчых, літаратурных, этнаграфічных музеяў, беларускамоўных тэатраў; рэпертуар самадзейных драматычных калектываў устаноў адукацыі папаўняць лепшымі творамі беларускага нацыянальнага мастацтва.

Музеяў вышэй пералічанай накіраванасці па ўсёй краіне не так ужо і шмат. Прычынай таму з’яўляецца не толькі адсутнасць матывацыі ў настаўнікаў, але і адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы. Ініцыятыва ў нас, як правіла, не вітаецца, а часам нават мае кепскія наступствы.

 

Беларускамоўны тэатр! Гэта ўвогуле сёмы цуд свету. Што сёння сучасны глядач можа ўбачыць на сцэне беларускага тэатру? Так, парачка п’ес беларускіх класікаў на беларускай мове і тое, якія ёсць у школьнай праграме, або разлічаныя на больш дарослую аўдыторыю. А яшчэ больш цікава, якія творы беларускага нацыянальнага мастацтва лічацца лепшымі? Якіх аўтараў? Тых, чые творы павыкідалі са школьнай праграмы і ўвялі імёны малавядомых не толькі для вучняў, але і для настаўнікаў?

 

Забяспечваць актыўны ўдзел вучняў у розных рэспубліканскіх, абласных і раённых акцыях, конкурсах, мерапрыемствах.

Паказчык, які выконваецца пастаянна, але якім чынам. Сучаснага школьніка цяжка заахвоціць да ўдзелу ў чым кольвек нават высокай адзнакай па прадмеце. Таму часам атрымліваецца так, што на конкурсы творчых работ дасылаюцца работы настаўнікаў, падпісаныя імёнамі вучняў.

 

Садзейнічаць павелічэнню колькасці беларускамоўных груп у дзіцячых дашкольных установах і колькасці беларускамоўных класаў у гарадской мясцовасці.

Беларускамоўныя класы і садкі ў гарадах?! Асабіста я стаўлю пад сумнеў, паколькі з будаўніцтвам аграгарадкоў беларускамоўнае навучанне сыходзіць нават з вясковых школаў.

 

Адна з гарадзенскіх газет пісала, што ў Ленінскім раёне г. Гродна збіраюцца адкрыць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку. Шукаюць бацькоў, якія маюць жаданне, каб іх дзіця вучылася па-беларуску. Гэтай навіной я вырашыла падзяліцца са сваім знаёмым, бацькам дваіх дзяцей, які некалькі гадоў змагаўся за адкрыццё беларускамоўнай групы і ў якога нічога не атрымалася. Ігар сказаў, што на апошнім бацькоўскім сходзе ў дзіцячым садку, дзе навучаюцца яго дзеці, ніхто нічога не казаў пра стварэнне беларускамоўнай дзіцячай групы.

 

Падводзячы рысу, чарговы раз працытую Л. Кэрала: «Калі не ведаеце, што сказаць, кажыце па-французску», бо па-беларуску разумець вас не хочуць.

 

Настаўнікам жа застаецца толькі думаць, якім чынам навучыць і выхаваць беларускае маладое пакаленне, каб пасля не давялося чырванець. Як прыклад, рэальны выпадак са школьнага жыцця. Двое вучняў-выпускнікоў упершыню за адзінаццаць гадоў наведалі школьную бібліятэку. На ўроку беларускай літаратуры яны атрымалі заданне прачытаць раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Аднак хлопцы забыліся і імя аўтара, і назву твора. І на пытанне бібліятэкаркі, што трэба, адказалі: «Дайце нам раман Кароткага «Сярпом па нечым». Смех смехам, а настаўніцы, якая вучыла такіх гора-вучняў, нібы хто сярпом па сэрцы шахнуў.