Адпачынак для буржуяў

|
Шматлікія спартыўныя секцыі, фітнэс-цэнтры, дамы адпачынку за твае грошы зробяць тваё жыццё нашмат разнастайней.
– Алё, добры дзень! Гэта ФАК?
– Так. Што вас цікавіць?
– Мне цікава даведацца, колькі каштуе абанемент у басэйн.
– Трыццаць восем тысяч.
– Блін! Дарагавата…
– Ну… кошты не ад нас залежаць. А вы чаго чакалі?
– Добра. Дзякуй за інфармацыю…
У прынцыпе, трыццаць восем тысяч – не такія вялікія грошы ў параўнанні з коштамі, якія заламваюць, напрыклад, школьныя рэпетытары. Але пакінем іх пакуль у спакоі, зараз размова ідзе аб вольным часе, і як лепш і танней яго выкарыстаць.
Адзін са звычайных спосабаў заняць вольны ад працы ці вучобы час (калі ён, дакладна, ёсць) – запісацца ў якую-небудзь спартыўную секцыю. «Школа тайландскага боксу запрашае…» Прыемна і карысна. Чаму і не?
Але гэтыя секцыі – прыватныя, у тым ліку і школа тайскага боксу, а таксама розных каратэ, айкідо і іншых адзінаборстваў. Таму яны платныя, нават «вельмі платныя». Самая танная з іх каштуе пяцьдзесят тысяч на месяц. Падабаецца? Я разумею, што ўладальнікі і трэнеры павінны на штосьці жыць, утрымліваць памяшканне і г.д. Але колькі павінен зарабляць я, каб дазваляць сабе такое хоббі і іншыя аздараўляльныя забаўкі? У бясплатныя дзяржаўныя секцыі бяруць далёка не кожнага – там рыхтуюць як мінімум пераможцаў Алімпійскіх Гульняў.
Так, з таіландскім баксам я развітаўся. Звернемся да фітнэс-цэнтраў. Самыя «чалавечыя» з іх у сэнсе коштаў – «Ювента» і вышэйузгаданы ФАК (45 тысяч за абанемент у трынажорны зал). Самы дарагі – «Рубікон», што знайходзіцца ў Палацы Хімікаў. Аб ім належыць сказаць асобна. Невялікі зал, трынажораў не шмат, кошты – не дай Божа, перавальваюць за 70 тысяч, у некаторыя часы дня – нават за сотню.
– Затое у нас кожнаму наведвальніку дапамагае інструктар, ёсць кава, гарбата, ручнік каб выціраць пот, працуе душ… – хваліцца дзяўчына-прадавец абанементаў. Ну рэстаран, а не фітнэс-цэнтр!
Вялікі дзякуй. Вельмі смачная кава, але – вельмі дорага. «Фітнэс для гурманаў! » – так напісана на таблічцы, што вісіць на ўваходзе ў «Рубікон». Не, чым займацца такім гурманска-буржуйскім фітнэсам, лепей схадзіць ў кіно ці ў тэатр. І самому прыемна, і партманэту спакайней, і вольны час не знікне дарма.
Яўген Іваноў