WoW – новы свет і проста гульня

Паладзіны ставяць усім друк на сілу і ману, друіды ператвараюцца ў пантэр. Усё: 30 секунд да пачатку бітвы, ў якой мы павінны перамагчы. За славу Арды! Уперад!

 

Так пачынаецца звычайная раніца заўзятага геймера. Так яна пачынаецца для мільёнаў такіх, як ён. Доўгія бітвы, сутычкі з супернікамі на арэнах, паходы ў падзямеллі. Гандаль, шытво, збіранне, жаніцьба. Тут усё як у рэальнасці, чалавек пераносіць на свайго героя свае звычкі і асаблівасці характару, набытыя за гады жыцця. Амаль адразу адкрываюцца лепшыя і горшыя якасці чалавека, можна зазірнуць кожнаму ў душу. Сардэчна запрашаем у свет World of Warcraft. У свет, у якім жыве значна больш людзей, чым ва ўсёй Беларусі.

 

Цяжка растлумачыць назіральніку з боку, чаму, прыходзячы дамоў, вы адразу ўключаеце кампутар і загружаеце гэтую гульню. Кампутар выключаецца толькі глыбока ўначы і то толькі таму, што ўжо жудасна баляць вочы і заўтра на працу/вучобу. Як растлумачыць, што гэты Эльф з доўгімі вушкамі – гэта ты? І табе трэба да канца тыдня купіць шчыт і пальчаткі з камплекта, таму што ў нядзелю твая гільдыя памкнулася ісці ў складанае падзямелле і ты там вельмі патрэбен. Як растлумачыць, што вялікі павук – гэта галоўны бос, і табе трэба яго забіць? А адначасова трэба ўзяць заданне ў гандляра ў сталіцы.

 

Разам з пранікненнем у гэтую гульню змяняюцца прыярытэты ў жыцці: пачынаюцца рознагалоссі з бацькамі, сваркі паміж людзьмі. І ты зноў сыходзіш у WoW-свет, дзе ў цябе ёсць сваё месца, аўтарытэт і цябе там вельмі добра разумеюць. Для кагосьці – гэта толькі аддушына пасля працоўных будняў, а хтосьці будзе кожную вольную хвіліну аддавацца Гульні. Хтосьці проста смяецца над гэтым, а хтосьці ўспрымае ўсё вельмі сур’ёзна.

>

Мы вырашылі пацікавіцца ў гарадзенскіх гульцоў у World of Warcraft што для іх гэтая гульня.

 

Makintosh 19 гадоў, студэнт: Раней гэта для мяне было проста адпачынак пасля працы, потым уцягнуўся вельмі моцна… Потым прайшло, зараз вось зноў гуляю.

 

Nonemarkz 22 гады, працоўны: Аддаю гэтаму ўвесь вольны час, і нават нявольны…

 

Knell 21 год, трэнер: Я фанат усёй серыі WoW, зацікавіўся ёю ўжо вельмі даўно, пэўна гадоў 5 таму, яшчэ ў Нямеччыне. І ўсё чакаў, калі можна будзе згуляць у нас. Дачакаўся.

 

Gordon 16 гадоў, вучань СШ: WoW для мяне – гэта новы свет, дзякуючы яму я знайшоў новых сяброў, замацаваў сяброўства са старымі. Гэта новая цікавасць.

 

MACK 20 гадоў, студэнт: Перахварэў ужо гэтай гульнёй, раней гуляў пастаянна, зараз стаўлюся да WoW як да самай звычайнай гульні.

 

Zeder 20 гадоў, студэнт: Гульня як гульня. Спосаб адцягнуцца пасля вучобы.

 

Чым стане WoW для вас, вырашаць толькі вам. Сустрэнемся на палях Азерота!

 

Blood Elf Xaos «Armored»