Фінскі сябра Джармуша
Сам Вім Вэндэрс запрашаў фінаў у сумесны кінапраект. Фінаў пад кіраўніцтвам Акі Каўрысмякі.
Фіны народ нешматлікі, іх усяго нейкія пяць мільёнаў. І, негледзячы на моцныя яшчэ нядаўна сувязі з Расіяй – мала вядомы. Але ў канцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя раптам усё змянілася, прынамсі ў сферы кіно. Зусім невядомы тады Акі Каўрысмякі зняў стужку «Leningrad Cowboys Go To America» і хутка стаў адным з самых вядомых рэжысёраў Еўропы. Ён і сёння ў добрай форме: яго «Laitakaupungin valot» заслужана трапіў у конкурсную праграму канскага фестываля ў 2006 годзе.
Узорная праца Акі – фільм «Арыель» (які, на шчасце, ніяк не звязаны з папулярным пральным парашком). У закінутым гарадку ў забытай Богам правінцыі зачыняецца апошняе месца працы – шахта. Выбух, якім завальвае ўваход, перакрэслівае папярэдняе жыццё і азначае павольную смерць для былых шахтароў. Таму нехта з іх выбірае хуткую. А нехта, паставіўшы на карту свой нешматлікі здабытак, едзе шукаць лепшай долі. Касурынэн трапляе ў Хельсінкі, у найніжэйшы пласт нелегальных падсобных рабочых. Нават адсюль ён імкнецца да шчасця, не заўсёды ўдала, здзяйсняючы зусім недарэчныя ўчынкі.
Элементы звычайнага «road movie», камедыі, дзе няма ўпэўненасці, ці плакаць, ці смяяцца, драмы, дзе людзі не маюць нічога, таму могуць задаволіцца нешматлікім. З гэтага і складаюцца, прынамсі часткова, фільмы Акі. А яшчэ шэрыя вуліцы сталіцы, бязмежныя прасторы правінцыі, снег да гарызонта. І цішыня – самы выразны праяў фінскай нацыянальнасці.
Хто такія героі Каўрысмякі? Вам могуць сказаць, што яны схематычныя, не сапраўдныя. Хлусня, яны шчырыя, непасрэдныя, простыя маленькія людзі ў вялікім свеце. І добры Акі, нагуляўшыся ў свае гульні, поўныя магільнага гумару, абавязкова дазволіць Касурырэну быць шчаслівым. Плыві, Арыель, плыві! Фільм: Арыель / Ariel, Фінляндыя, 1988, 73 хв
Рэжысёр: Акі Каўрысмякі
Жанр: камедыя / драма
Фільмы Каўрысмякі, як ён сам сказаў у інтэрв’ю «Новой Газете», у Фінляндыі глядзяць толькі старыя дамы і некалкі студэнтаў. Далучымся?
Аляксей Шота