Праўнук Яўхіма Карскага прэзентуе кнігу пра свайго знакамітага продка

|

Удзел у мерапрыемстве, якое пройдзе ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы 18-19 мая, возьмуць навукоўцы і супрацоўнікі музееў і архіваў з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Балгарыі, Італіі.

З Санкт-Пецярбургу прыедзе праўнук навукоўца, архівіст і пісьменнік Аляксандр Карскі, які прадставіць удзельнікам чытанняў сваю кнігу “Евфимий Федорович Карский”.

Чытанні будуць прысвечаныя вывучэнню навуковай спадчыны Яўхіма Карскага і актуальным праблемам сучаснага мовазнаўства.

Праблематыка чытанняў закране пытанні лексікалогіі і фразеалогіі, славаўтварэння і намінатыўнай дарывацыі, моўных аспектаў сучаснай камунікацыі, узаемадзеянне нацыянальных моваў.

Яўхім Карскі нарадзіўся ў вёсцы Лаша Гродзенскага павету.

Вядомы як лінгвіст, этнограф і палеограф, заснавальнік беларускага мовазнаўства, літаратуразнаўства і палеаграфіі, аўтар больш за 100 навуковых прац.

Фундаментальная сямітомная праца Карскага “Беларусы” лічыца энцыклапедыяй беларускага мовазнаўства.

Яна ўпершыню навукова абвергла канцэпцыю моўнай ідэнтычнасці рускай і старабеларускай моваў, навукова пацвердзіла існаванне і адметнасць беларускай нацыі, паказала свету багацце беларускай традыцыйнай культуры.

Паводле http://belta.by/