Песні філаматаў і філарэтаў загучаць у Гародні

|

У праграме вечарыны:

– гісторыя таемных студэнцкіх таварыстваў пачатку 19 стагоддзя,

– песні, што спявалі студэнты амаль 200 гадоў таму,

– актыўны дыялог з удзельнікамі,

– цёплая кампанія

– смачнае малако!

А пры чым тут малако, арганізатары абяцалі распавесці на імпрэзе, якая пачнецца 22 мая ў 16.30.

У аснове гэтага асветніцкага праекта – арыгінальныя песні філаматаў (таемнага студэнцкага таварыства створанага ў Віленскім універсітэце ў пачатку 19 стагоддзя) з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай Тамаша Зана Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам, супрацоўнікам Беларускай акадэміі музыкі і творчага калектыву “Беларуская капэла” Святленай Немагай.

Шмат песняў напісана на вершы Яна Чачота, аўтарамі тэкстаў з’яўляюцца таксама А.Міцкевіч, Т.Зан, А.Адынец.

Тэксты спяваліся на мелодыі вядомых беларускіх (“крывіцкіх”) народных песняў, украінскай народнай песні, аўтарскія мелодыі М.Шыманоўскай, Т.Зана, К.Тызенгаўза.

Дзве песні (на словы А.Міцкевіча і А.Адынца) выконваюцца таксама на музыку аднаго з удзельнікаў праекта – Аляксея Жбанава.

Улічваючы, што песні філаматаў і філарэтаў складаліся не для сцэнічнага выканання, а для шырокага ўжытку ў сяброўскім коле, праект мае адкрыты характар.

Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца як студэнты і выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі, так і спевакі-аматары.

Гэта дазваляе наблізіць стыль выканання да арыгінальнага, які напэўна адрозніваўся тэхнічнай прастатой і эмацыйнай шчырасцю.

Нягледзячы на тое, што тэксты песняў, уключаных у праграму, напісаныя на польскай мове, на вечарыне будуць выкарыстаныя іх пераклады на беларускую мову К.Цвіркі, В.Сёмухі, А.Жбанава.

Арганізатары спадзяюцца надаць песням філаматаў і філарэтаў “другое жыццё”– перш за ўсё ў студэнцкіх асяродках Беларусі.

Песні філаматаў і філарэтаў ужо пачулі наведнікі музеяў Міцкевіча ў Наваградку, у Завоссі, у доме-музеі Ваньковічаў у Мінску, у краязнаўчым музеі Віцебску, Музеі горада ў Берасці.

На фота: гучаць песні філаматаў

Фота з сайта http://www.racyja.com