Брацікі і сястрычкі або Як зняць працяг «Санта Барбары»
Я расла без бацькі і мужчынскай увагі. А пасля таго, як мне споўнілася 3 гады, тата знік бясследна: не тэлефанаваў і не цікавіўся жыццём дачкі. Калі мне стукнула 14, пасля прагляду чарговай амерыканскай меладрамы пра бацькоў, я вырашыла ўзяць усё ў свае рукі.
Я не ведаю, што тады мяне падштурхнула даведацца нумар, патэлефанаваць і дамовіцца аб сустрэчы… Але так павінна было быць. Жыць і не ведаць таго, хто прыняў удзел у тваім стварэнні і з’яўленні на свет неяк недарэчна. Маці сама нічога не распавядала. Яна не кідала непатрэбных фраз пра тое, што гэты «казёл» сапсаваў ёй жыццё, ніколі не гаварыла, як яны пазнаёміліся. Увогуле маўчала! А я не задавала пытанняў: нам было ўтульна і звычайна жыць без мужчыны ў хаце. Занадта вялікім стрэсам было б нешта змяняць.
З дзяцінства пра бацьку захаваліся толькі два ўспаміны: адзін раз я ўгаворвала яго не піць ваду з пад «гарачага» крана, таму, што яна «атручаная». А другі раз мы хадзілі ў краму «Дзіцячы свет» за мэбляй для Барбі. Трохі пазней, з гутарак мамы і бабулі я пачала разумець, што бацька часам прыходзіў у госці, але гэта ў маёй памяці не адбілася. Для мяне вобраз бацькі быў зборным. Я не ўяўляла яго сабе цалкам. Мама заўсёды паўтарала, што мы вельмі падобныя – і характарам, і знешне. Часам, пасля такіх слоў я гадзінамі тырчэла ў люстэрка, спрабуючы ўявіць падобнага да мяне мужчыну. Спробы былі дарэмнымі, а фотаздымкаў у мяне не было.
Мяне ніколі не падманвалі з нагоды таго, куды дзеўся невядомы «тата», а я ніколі не пытала. Але пры кожным згадванні маіх аднагодкаў аб сваіх татах у мяне нешта моцна сціскалася ўсярэдзіне.
Добра памятаю з дзяцінства, як мне хацелася мець «у рукаве» запаветны козыр – бацьку. Памятаю, як пры кожнай сутычцы ў пясочніцы дзеці пагражалі татамі. Памятаю, з якой зайздросцю глядзела на дзяцей, якія сядзелі на плячах ў мужчын (бацькоў!): у мяне такога шансу не было.
Гадоў з дзесяці мары пра бацьку неяк трансфармаваліся, і мне захацелася мець… старэйшага брата. Таго, хто мог бы парамантаваць ровар, навучыць катацца на роліках, дапамагчы пабудаваць будан. Каму б я магла паскардзіцца на тое, што мяне крыўдзяць і б’юць.
А яшчэ праз два гады пасля маяго «знаёмства», я выпадкова даведалася, што старэйшы брат, няхай толькі па бацьку, у мяне ёсць! Клічуць яго Дзяніс. Я літаральна «білася» ў спробах прадставіць сабе яго твар. А калі распавядала ў двары, што ў мяне ёсць Старэйшы Брат мяне паднімалі на смех.
Бацька наадрэз адмовіўся знаёміць мяне з братам. Ён не даваў мне нумар тэлефона, выкручваўся і сыходзіў ад тэмы. Але я і не думала адступаць, закусвала вусны ў роздумах і рынулася ў бой самастойна: улезла ў мамін блакнот (ведаю, дрэнна!), знайшла хатні тэлефон маці майго Дзяніса. Два дні слухала гудкі ў телефоннай трубцы. І аднойчы, ужо амаль страціўшы надзею, у суботні вечар пачула:
– Алё, слухаю вас!
«Маці майго браціка!», – пранеслася ў маёй галаве. Дзяніса дома не было, і я пачала нешта плясці пра «вучыліся разам» і выпрошваць мабільны. Нумар мне не далі, але мой запісалі, паабяцаўшы, што мне ператэлефануюць. Насамрэч праз гадзіну я размаўляла з братам па тэлефоне.
Калі б вы ведалі, як цяжка стрымаць дыханне ў такія хвіліны… Я доўга ўгаворвала брата сустрэцца, не прызнаючыся ў тым, хто я і навошта тэлефаную. Але ў выніку мой голас сарваўся, я «здалася» і патлумачыла Дзянісу, што я яго кроўная сястра, што ўвесь час жыву ў гэтым горадзе, што доўга яго шукала.
Праз паўгадзіны я ехала на сустрэчу. Ногі дрыжалі ўжо тады, калі я выходзіла з пад’езда. Мяне кідала ў жар ад хвалявання, рукі не трымаліся за поручні, адну за адной я сцягвала з сябе кофты і кашулі. І нават застаўшыся ў тонкай суколцы, не магла астыць» – шчокі гарэлі кіслотна-ружовым колерам. Дарога ад Вішняўца да Савецкай падалася бясконцай. Тэлефон звінеў праз кожныя 5 хвілін, і мужчынскі голас цікавіўся, дзе я. У маіх думках «ішоў» падлік усяго, што я ведала аб чалавеку, якога так доўга шукала: падобны на бацьку, каля 22 гадоў, імя Дзяніс, жыве ў Гродна з мамай. Больш нічога. «А калі ён скажа, што ніякая сястра яму не патрэбна і пашле мяне куды далей?» – усю дарогу думала я.
І вось я на фінішнай прамой, бягу ўздоўж Савецкай да «Рэтра», дзе мяне чакаюць. Па тэлефоне я папярэдзіла, што на мне апранута, і даведалася, што мой брат будзе ў белай куртцы і сініх джынсах. Так, стоп! Вось «Рэтра»… Мне стала амаль дрэнна, сумненняў не было, хто стаіць перада мной – маладая копія нашага бацькі. Брацік глядзеў на мяне велізарнымі зялёнымі вачыма, вывучальна і пільна. – Значыць, ты – мая сястра Ліза, аб якой я ўсе 23 гады нічога не ведаў і не чуў? – Усміхнуўся мне брат і звярнуўся да сяброў, «гурту падтрымкі», які чакаў непадалёк. – Хлопцы, мы падобныя?
Так! Мы падобныя, як дзве кроплі вады.
Ды і не толькі знешне, як высвятлілася пазней. Кампанія сяброў рушылася ледзь наперадзе, а мы з Дзянісам ішлі за імі. З 19.00 гадзін таго дня пачаліся доўгія і цікавыя гутаркі, якія доўжацца дагэтуль. Першыя чатыры дні мы амаль не расставаліся: мяне забіралі адусюль на машыне, вадзілі па ўстановах, у якіх я ніколі не была, заўсёды дастаўлялі дахаты. «У мяне самы выдатны брат!» – Нястомна паўтараю я, пахваляюся любому, хто цікавіцца пра мае справы.
Майму шчасцю няма мяжы. За выходныя я навучылася шанаваць сям’ю так, як не магла за ўсё жыццё. Мы завем адзін аднаго толькі «брацік» і «сястрычка», увесь час – разам і нічога адзін аднаму не шкадуем. Ужо пачынаюцца спрэчкі і элементы выхавання, тыпу «Не пі так часта таблеткі, я цябе ўжо папярэджваў!», але яны так грэюць сэрца і радуюць душу. А ад невымоўнага адчування, што за цябе заўсёды заступяцца, што ты не адна, проста зрывае страху…
Са слязьмі шчасця на вачах я распавядаю блізкім аб падзеях у маім жыцці. Усе здзіўляюцца і кажуць, што можна здымаць фільм.