Начныя цуды музею
Вечар пачаўся ў Сенатарскай зале, дзе быў прадстаўлены праект рэканструкцыі Старога Замка.
Праца ўжо пачалася і ў хуткім часе мы пабачым замак адноўленым.
>
Наступным крокам у мерапрыемстве быў паказ вясельнага салону «Мэры». Мадэлі, як лебедзі, паважна і горда прадстаўлялі фасоны вясельных і вячэрніх сукенак. Як адзначаюць самі дзяўчаты, у часе дэфіле яны адчувалі сябе, як Папялушкі на казачным балі.
Пасля прагляду калекцыі аматары разыйшліся па доўгіх калідорах і залах музея. Дзяўчыны, вядома ж, кінуліся фатаграфавацца разам з мадэлямі, разгладаць іх убранства ў дэталях. Мужчыны мэтанакіравана двінуліся ў бок залаў са зброяй і рыцарамі. Паўсюль сустракаліся дзяўчыны ў аддзенні Сярэднявечча, што стварала своеасаблівую атмасферу даўніны.
Пасля яркіх лямп замка аматарам было прапанавана выйсці на вуліцу, каб падзівіцца на спаборніцтвы сапраўдных мужчын-рыцараў. Грук металу было чуваць нават на іншым беразе Нёмана.
Вельмі неардынарным крокам у гэтым мерапрыемстве была пастаноўка Гродзенскага лялечнага тэатру «Макбет», якая адбылася на абрыве каля Старога Замка. Калі сцэна засвяцілася мноствам агнёў і пачала гучаць музыка, ужо нельга было адарваць вачэй ад актораў, якія сваёй гульнёю захапілі ўнутраны свет гледачоў. Пасля заканчэння пастаноўкі наведвальнікі доўга пляскалі ў далоні, а ў паветры лунала ўсеагульнае задавальненне ад убачанага. Гэта і стала фінальнай кропкай у цудоўным вечары над Нёманам.
Фота аўтара